Старшыня Цэнтрвыбаркама Беларусі Лідзія Ярмошына прапануе ўдасканаліць назіранне за выбарамі, якое ажыццяўляе АБСЕ. Адпаведную заяву яна зрабіла на дадатковай нарадзе па чалавечым вымярэнні АБСЕ, якая праходзіла 12–13 ліпеня ў Вене.

«Паўтара дня работы на нарадзе былі прысвечаныя абмеркаванню работы АБСЕ падчас ажыццяўлення імі назірання за выбарамі, — расказала Ярмошына БелаПАН. — Я, як і мае калегі, выступіла з кароткім паведамленнем, у якім прапанавала ўдасканаліць інструкцыю па назіранні за выбарамі, што існуе ў АБСЕ, палажэннем, якое прадугледжвае парадак абскарджання высноў і заключэнняў місіі гэтай арганізацыі».

Паводле слоў кіраўніка ЦВК, «самае прыкметнае было тое, што на нараду былі запрошаныя толькі старшыні выбарчых камісій краін СНД.
Ніхто з Захаду ад выбарчых органаў на гэтае пасяджэнне не запрашаўся». Акрамя таго, на нараду былі запрошаныя прадстаўнікі няўрадавых аб’яднанняў. Пры гэтым, адзначыла Ярмошына, «тут таксама было вельмі выбарачнае запрашэнне: былі толькі прадстаўнікі Казахстана, Кіргізіі, Азербайджана і Беларусі».

Старшыня Цэнтрвыбаркама лічыць, што «гэта гаворыць пра нейкую зададзенасць з самага пачатку па колькасці ўдзельнікаў». «Падобныя мерапрыемствы праходзяць раз на два гады апошнім часам. Я была ўпершыню на ім. Але, наколькі мне вядома, раней кола ўдзельнікаў усё ж было шырэйшым. Прынамсі, калі нарады арганізоўваліся ў Варшаве, то туды запрашаліся прадстаўнікі выбарчых органаў большасці дзяржаў АБСЕ. Я думаю, гэта было такое выхаваўчае ўздзеянне менавіта на краіны СНД», — сказала Ярмошына.

Яна паведаміла, што тэма беларускіх выбараў на нарадзе не гучала.
«Гучала толькі адно: чаму не дапусцілі прадстаўніка НУА Карняенку. Праўда, на другі дзень прысутнічаў іншы прадстаўнік беларускай апазіцыі — нейкая спадарыня Слуцкая, якая працуе ў Варшаве», — сказала яна.

Кіраўнік Цэнтральнай камісіі адзначыла, што візу ёй выдала пасольства Аўстрыі ў Маскве. Паводле яе слоў, запрашэнне было накіраванае ў МЗС, і яна яго не бачыла. «Нам паведаміла міністэрства, што запрашаюцца прадстаўнікі ЦВК узяць удзел у нарадзе. Мы пазначылі, што ўдзельнічаць можа або старшыня, або сакратар. Трэба аддаць належнае, што вельмі хутка мы атрымалі рэакцыю з Вены, праўда, яна была не на ўзроўні кіраўніцтва, а кіраўнікоў праграм. Гэта было пацвярджэнне, дзе было ўказана, што я зарэгістраваная ў якасці прадстаўніка Беларусі, а сам гэты ліст з’яўляецца падставай для атрымання візы», — паведаміла Ярмошына.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?