У Мінску колькасць вакансій у 7,9 разу перавышае колькасць беспрацоўных. Пра гэта паведамляе БелТА са спасылкай на ўпраўленне палітыкі занятасці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны. Пры гэтым рынак працы па-ранейшаму арыентаваны на працоўныя прафесіі, якія складаюць 80,4% ад агульнай колькасці вакансій.

У сталіцы на 1 ліпеня гэтага года было звыш 20,1 тыс. свабодных рабочых месцаў, а беспрацоўных зарэгістравана на гэтую дату менш за 2,6 тыс. чалавек.
У сталіцы больш за ўсё вакансій у сферы будаўніцтва — прадпрыемствы гатовыя прыняць на працу плітачнікаў, тынкоўшчыкаў, маляроў, мантажнікаў і г.д. Адчуваецца дэфіцыт рабочых рук у сферах гандлю і грамадскага харчавання, транспарту і сувязі.

Паводле словаў спецыялістаў, ва ўсіх рэгіёнах рэспублікі колькасць вакансій значна перавышае колькасць беспрацоўных. А ў цэлым па Беларусі на 1 ліпеня гэтага года вакансій было ў 2,4 разу больш, чым беспрацоўных. Так, у агульнарэспубліканскім банку вакансій (зыходзячы з заявак наймальнікаў у органы па працы, занятасці і сацабароне) налічвалася звыш 66,6 тыс. свабодных рабочых месцаў (для параўнання: на 1 чэрвеня гэтага года іх было 65,6 тыс., на 1 траўня — 59 тыс., на 1 красавіка — 56,9 тыс., на 1 сакавіка — 54,2 тыс., на 1 лютага — 53 тыс., на 1 студзеня — 51,7 тыс.).

Прапанаваныя ў раздзеле «Вакансіі» на сайце Мінгарвыканкама пазіцыі і заробак па іх збольшага могуць растлумачыць такую колькасць незапоўненых працоўных месцаў. Напрыклад,

Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў шукае інжынера-праграміста на зарплату ад 1,05 млн рублёў у месяц. Спашукальнікам гэтай пасады нават давядзецца прайсці конкурсны адбор.
А вось сярэдняй школе № 69 Мінска неабходны настаўнік пачатковых класаў. Спецыялісту з вопытам работы прапануецца ад 1,5 млн у месяц.

Будаўнікам пры іх прыкметным дэфіцыце прапануюць крыху больш. У ААТ «МАПІД» гатовыя плаціць ад $350 у месяц, прыватныя кампаніі адразу абяцаюць ад $500.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?