17.07.2012 / 12:44

Ці хочуць футбольныя клубы беларусізавацца? + дакументы 24

Адказы на прапановы беларускамоўных дыктараў і надпісаў на футболках па-беларуску.

З нядаўняга часу каментатары футбольнага першынства спрабуюць працаваць на матчах па-беларуску. На роднай мове абвяшчаюцца ўсе навіны падчас гульняў «Гомеля».
Гэта натхніла грамадскага актывіста Ігара Случака накіраваць лісты ў беларускія футбольныя клубы з канкрэтнымі прапановамі:
1. Больш шырока ўжываць беларускую мову ў справаводстве.

2. Пісаць па-беларуску прозвішчы гульцоў на майках.

3. Зрабіць беларускамоўную версію сайтаў.

4. Гукавое суправаджэнне на стадыёнах выконваць па-беларуску.

5. Заахвочваць заўзятараў, супрацоўнікаў, трэнераў і гульцоў больш выкарыстоўваць беларускую мову.

Вось якія адказы атрымаў Ігар.

Прымхлівы «Шахцёр»

«Па магчымасці мы будзем імкнуцца ўлічыць вашы прапановы», — такі адказ прыйшоў з салігорскага «Шахцёра». Гендырэктар каманды Юры Вяргейчык быў даволі прыхільны. «У „Шахцёра“ справы ідуць няблага, а трэнеры і гульцы — народ вельмі прымхлівы», — адзначыў Вяргейчык.

«Шахцёры» адказалі, што сёлета «на фарт» нічога мяняць не будуць, а вось налета вернуцца да гэтай прапановы. Ліст быў напісаны на добрай беларускай мове.

Няма грошай на беларускамоўны сайт

У самым паўночным абласным цэнтры краіны Віцебску адказалі, што каманда бедная, таму не мае грошай на беларускамоўную версію сайта і выраб саколак з белараскамоўнымі надпісамі.

Разам з тым у камандзе адказалі, што супрацоўнікам і гульцам рэкамендавана больш шырока выкарыстоўваць беларускую мову «пры выкананні службовых абавязкаў і паўсядзённым жыцці».

У Бабруйску шмат паабяцалі

Генеральны дырэктар «Белшыны» Генадзь Варакса пашкадаваў, што ў «кароткія тэрміны» рэалізаваць гэтыя ініцыятывы яны не могуць праз «арганізацыйныя і фінансавыя» чыннікі. Але ў Бабруйску паабяцалі падрыхтаваць беларускамоўнага дыктара, беларускамоўную версію сайта. Будзем чакаць, ці трымаюць у Бабруйску слова.

Расейскамоўны «Брэст»

У горадзе над Бугам спаслаліся на вынікі апошняга перапісу, згодна якога 94% жыхароў Брэста дома выкарыстоўвае расейскую мову. Старшыня праўлення каманды Харашун адзначыў, што два гады дыктар робіць абвесткі на стадыёне па-беларуску.

«Вашы прапановы па меры магчымасці будуць рэалізаваны», — запэўнілі ў клубе.

Дыктар — так, сайт і майкі — не

У ФК «Мінск» адзначылі, што ўважліва вывучылі пытанне. У выніку каманда «не супраць», каб гукавое суправаджэнне падчас матчаў адбывалася на беларускай мове.

А вось прозвішчы на майках лічаць «немэтазгодным» рабіць па-беларуску, сайт на роднай мове — «немагчымым».

«Дзякуй за высакародную справу»

У «Славіі» (Мазыр) Ігара Случака падзякавалі за яго «высакародную справу». «Мы лічым гэта важнай справай, адным з галоўных накірункаў патрыятычнага выхавання моладзі», — адзначыў дырэктар Турчын.

Ён запэўніў, што гукавое суправаджэння хатніх матчаў «Славіі» адбываецца на беларускай мове. Турчын падзякаваў за гэты ліст, а вось пра астатнія пункты звароту вырашыў прамаўчаць.

Адпіска з «Нафтана»

У Наваполацку вырашылі абмежавацца вельмі кароткім адказам. Старшыня «Нафтана» Падліпскі лічыць, што рэалізацыя гэтых праектаў можа адбыцца, але для гэтага трэба «заканадаўчая база на дзяржаўным узроўні».

Ігар Случак адзначае, што не знайшоў адрасы некаторых футбольных клубаў, напрыклад, БАТЭ, каб накіраваць туды таксама звароты.

Зміцер Панкавец

0
Aleś Jurkaviec / Адказаць
17.07.2012 / 13:21
Ну што ж, прынамсі ў кіраўніцтве нашых футбольных клубаў людзі больш-менш адэкватныя сядзяць. Ніводнага відавочна тупога адказу дадзена не было. Што радуе.
0
Лясны Брат / Адказаць
17.07.2012 / 13:22
Мінск: "Ваше предложение сделать белорусскоязычную версию нашего сайта пока невозможно" Дык Вы хаця б па-расейску навучыліся нармальна пісаць, сп. Шлойло!
0
Пятрук / Адказаць
17.07.2012 / 15:31
Усё падтрымліваюць і дзякуюць, а рабіць ніхалеры не хочуць...
Паказаць усе каментары/ 24 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру