Гэтую немалую па колькасці двароў вёску знойдзеш не на кожнай аўтамабільнай мапе. Пра яе не гаворыцца ні ў «Беларускай энцыклапедыі», ні ў інтэрнацыянальнай Вікіпедыі. А вёска такая ў Мастоўскім раёне ёсць — з базавай школай, з трывалымі хатамі-мураванкамі, збудаванымі яшчэ за польскім часам, з дзіцячым смехам на вечаровай вуліцы. А яшчэ — з пясчанымі кар’ерамі, раскапанымі за нейкую сотню метраў ад згаданай школы.

На гэтых кар’ерах, даруйце за каламбур, мясцовы калгас і зрабіў кар’еру.
Пясок патрэбен усім — і дарогі падсыпаць, і аграгарадкі будаваць. Уся ваколіца ехала і едзе па машталерскі пясок — ледзь не штодня ў тых кар’ерах натужна равуць самазвалы і завіхаюцца экскаватары.

Кар’ер. Жоўты пясочак. Гэтыя быкаўскія асацыяцыі заканамерна прыходзяць на розум, калі стаіш на стромістым беразе машталерскага кар’ера. Бо там, у жоўтым пясочку, — скрозь чалавечыя косткі.

Чарапы рознай велічыні вывальваюцца са сценак кар’ера, на дне, проста пад нагамі, — сківіцы, фалангі пальцаў, галёначныя косткі.

Іх вельмі шмат. У адным кар’еры, у другім… Відно, што на чалавечыя парэшткі тут даўно ніхто не звяртае ўвагі. Косткі бялеюць наўзбоч раз’езджанай грузавікамі дарогі, на сцежцы, што вядзе да недалёкага кароўніка. На кар’ерным дне і вакол — свежыя сляды аўтамабільных пратэктараў.

Зусім нядаўна тут хтосьці загружаўся пяском з чалавечымі чарапамі. Куды той груз трапіў? Пад асфальтаўкладчык ці ў падмурак шматкватэрнага дома?

Пра кар’еры смерці ў Машталерах мне паведаміў мастоўскі краязнаўца Сяргей Шамбер.

Я не паверыў. Усё ж Заходняя Беларусь, дзе даўжэй дзейнічалі цэрквы і касцёлы, дзе зневажанне магілаў заўсёды лічылася вялікіх грахом. Аказалася — усё так і ёсць.
Здабываюць жоўты пясочак, ездзячы па чалавечых чарапах.
Чые гэта парэшткі? Хто там ляжыць?
Невядома. Адназначна пакуль што можна сцвярджаць адно: гэта ня могілкі, бо косткі залягаюць пераважна на глыбіні да аднаго мэтра і плытчэй. Так нябожчыкаў не хаваюць. Так спехам прысыпаюць ахвяраў.

Уразіла мяне і тое, што ніводзін з мясцовых жыхароў (апытана было восем чалавек) не ведае, хто ляжыць у машталерскіх кар’ерах.

Распытваем дзевяностагадовую бабулю, а тут вуліцай едзе на ровары колішні дырэктар школы. Неяк насцярожана гледзячы нам у вочы, расказаў, як аднойчы на дзіцячую пляцоўку пры школе прывезлі машыну пяску. Дзеці разгрэблі той пясок, а там — чэрап. У настаўніцкую прынеслі. Але адміністрацыя школы справу вырашыла замаўчаць — пясок быў патрэбен.

У Машталерах не перасяленцы з чарнобыльскай зоны жывуць. Не прыблуды якія. Шэсць з апытаных самыя сапраўдныя аўтахтоны — і бацькі тут пахаваныя, і дзяды.

Звычайна, калі няма праўдзівай інфармацыі пра нейкую падзею, дык хоць легенды мясцовае насельніцтва пераказвае. Машталерцы — як змовіліся: нічога не ведаем.
Павальнае бяспамяцтва, нібы флэш-карту з мазгоў дасталі. Проста за агародамі чарапы аб кузавы бразгаюць, а людзі абыякава махаюць рукой. Маўляў, самім скора ў хвойнік на вечны спачын збірацца. Але ці будзе ён вечны? А што калі і на вашых могілках жоўты пясочак камусьці спатрэбіцца…
Мой спадарожнік прыгадвае, як прывозіў у машталерскія кар’еры смерці мясцовага дэпутата з Мастоў. Той павохкаў-павохкаў і паабяцаў стварыць адмысловую камісію для расследавання.
Гады тры ўжо з таго часу прайшло. Відаць, таксама вырашыў замаўчаць справу — ужо на сваім дэпутацкім узроўні.

Звычайна, на месцах масавых пахаванняў знаходзяць манеты, асабістыя рэчы і паводле іх робяць пэўныя высновы.

У кар’ерах смерці ў Машталерах знойдзены пакуль што толькі адзін рэчавы доказ — бляшаная скрыначка 1816 года.
Больш нічога. Але рэчавыя доказы знаходзяць, калі адпаведным спосабам шукаюць. Экскаватарным каўшом памахаўшы, няшмат знойдзеш…
Вандалізм у Машталерах працягваецца ўжо не першы дзясятак гадоў.
Пакаленні ўзрасьлі, моўчкі сузіраючы чарапы ў пяску. І нікому з мясцовых начальнікаў (з Глядавіцкага сельсавета, з Мастоўскага райвыканкама) не прыйшло ў галаву спыніць той калгасны вандалізм, закансерваваць кар’еры, правесці асцярожныя археалагічныя даследаванні. Бо кар’еры тыя — уладанні смерці, за разбурэнне якіх яна можа і адпомсціць. Жоўты пясочак з пустых вачніцаў — будматэрыял ненадзейны.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?