Агенцтва ўнутранай бяспекі (АУБ) Польшчы ў маі перасцерагло ўрад, што магчымая здзелка па набыцці польскага хімічнага холдынгу Azoty Tarnow расейскім «Акрон» нясе пагрозу энергетычнай бяспекі краіны, паведамляюць польскія СМІ.

«Акрон» у сярэдзіне мая накіраваў польскай кампаніі прапанову аб куплі да 66% яе акцый па цане істотна вышэйшай за рынкавую. Жадаючы не дапусціць куплі актыву ў Тарнаве «Акронам», Дзяржмаёмасць Польшчы, якая валодае 32,1% акцый прадпрыемства Azoty Tarnow і 50,7% іншага хімічнага холдынгу Zaklady Azotowe Pulawy (аналагі гродзенскага «Азоту» ў Беларусі), ініцыявала зліццё двух прадпрыемстваў. У мінулыя выходныя акцыянеры Tarnow прынялі рашэнне аб дадатковай эмісіі акцый кампаніі ў мэтах кансалідацыі з Pulawy.

АУБ у запісцы, якая апынулася ў распараджэнні адной з польскіх газет, нагадвае, што група Tarnow спажывае каля 10% усяго газу, які разыходзіцца ў Польшчы. Амаль увесь аб’ём гэтага паліва Польшча атрымлівае з Расеі. Скупляючы найбуйнейшых спажыўцоў расейскага газу ў Польшчы, «Акрон» спрабуе сарваць планаваны перавод польскай эканомікі на сланцавы газ уласнай здабычы, лічаць у АУБ.

«Мы плануем ўжо праз два гады здабываць сланцавы газ, з прычыны чаго на нашым рынку з’явіцца танны газ ўласнага паходжання. Перш чым гэта можа здарыцца, расейцы могуць скупіць найбуйнейшых нашых спажыўцоў газу», — гаворыць запіска АВБ.

На думку спецслужбы, ураду варта адкласці прыватызацыю Azoty Tarnow на некалькі гадоў, да моманту, калі група пачне атрымліваць танны звадкаваны газ з балтыйскага тэрмінала ў Свінавусці або сланцавы газ. Да таго моманту капіталізацыя холдынгу павінна вырасці.

Газета адзначае, што ўрад Дональда Туска і без рады АУБ быў нясхільны дапускаць расійскія інвестыцыі ў стратэгічныя галіны эканомікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?