Міжнародная маладзёжная арганізацыя «Малады фронт» (зарэгістравана ў Чэхіі) звярнулася да прэм’ер-міністра Расіі Дзмітрыя Мядзведзева ў сувязі з затрыманнямі грамадскіх актывістаў напярэдадні яго візіту ў Беларусь, паведаміла намеснік старшыні арганізацыі Наста Палажанка.

Паводле яе слоў, зварот расійскаму прэм’ер-міністру быў перададзены 17 ліпеня каля пасольства РФ у Мінску.

У звароце, размешчаным на сайце «МФ», адзначаецца, што ў сувязі з візітам Мядзведзева ці Пуціна ў Мінск, «у адну са сталіц квітнеючай дружалюбнай дзяржавы (ўжо не першы раз), у горадзе праходзяць затрыманні беларускіх грамадзян». «Праводзяцца яны сіламі міліцыі і КДБ. Паколькі беларускія ўлады лічаць, што некаторыя з грамадзян чамусьці маглі б Ваш візіт азмрочыць», — гаворыцца ў дакуменце.

У прыватнасці, адзначае «МФ», 17 ліпеня былі затрыманыя і прыгавораныя да арыштаў Уладзімір Яроменак, Раман Васільеў, Іван Амельчанка, а суд над Касяй Галіцкай адкладзены да 18 ліпеня.

«У мінулы прыезд спадара Пуціна маладзёжным актывістам давялося адседзець больш за 20 сутак у турме ў перыяд да вашага знаходжання, падчас і нават пасля яго.
У нас склалася ўражанне, што Вамі заахвочаны (маральна і фінансава) спадар Лукашэнка робіць усё, каб беларуская дэмакратычная супольнасць, мякка кажучы, была не рада Вашаму прыезду і нават, адважымся вам сказаць, пачынала крыху ненавідзець гэтыя візіты. Як бы ён ізноў не стаў палохаць Вас другой Чачнёй, што ўжо мела месца быць у адносінах вашай Саюзнай дзяржавы», — заяўляе «МФ».
Арганізацыя нагадала Мядзведзеву, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе ён выказаў занепакоенасць масавымі затрыманнямі і нематываванымі рэпрэсіямі з боку беларускіх улад.
«Беларусы былі глыбока расчуленыя тады ўвагай з вашага боку. Зараз жа парадокс заключаецца ў тым, што, самі таго не жадаючы, Вы сталі прычынай з’яўлення новых палітзняволеных», — адзначаецца ў звароце.

«Просім Вас, як чалавека прагрэсіўнага і цывілізаванага, умяшацца ў сітуацыю і спрыяць вызваленню гэтых грамадзян, каб надалей не ствараць вакол сваіх прыездаў злавеснага арэолу бессэнсоўных затрыманняў, груку дубінак і казематнай сырасці. Просім растлумачыць гэту сітуацыю ў гутарцы з кіраўніцтвам Беларусі і папрасіць яго не псаваць імідж кіраўнікоў Расійскай Федэрацыі ў нашай краіне. Таксама спадзяёмся на тое, што Вы пасадзейнічаеце вызваленню палітычных вязняў у Рэспубліцы Беларусь і будзеце паслядоўныя сваім заявам», — гаворыцца ў дакуменце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?