Колькасць месцаў для спелеалячэння ў Беларусі неабходна павялічыць. Такую задачу паставіў кіраўнік Беларусі, наведваючы Рэспубліканскую бальніцу спелеалячэння ў Салігорску. Шпіталь нароўні з традыцыйнымі метадамі лячэння ўжо 22 гады ажыццяўляе спецыялізаванае курсавое лячэнне пацыентаў з хваробамі органаў дыхання метадам спелеатэрапіі. Пацыенты праходзяць лячэнне ў спелеалякарні, размешчанай на глыбіні 420 м у масіве каменнай солі і пласце з утрыманнем калію на базе калійнага рудніка 1га рудаўпраўлення ААТ «Беларуськалій».

Пасля рэканструкцыі лячэнне тут могуць праходзіць да 120 чалавек. У лякарні заўсёды стабільны мікраклімат, аптымальны аэразольны, газавы і іонны склад паветра, што з’яўляецца асноўным лекавым фактарам.

Спусціўшыся ў падземнае аддзяленне, прэзідэнт агледзеў палаты, дзе праходзяць лячэнне пацыенты як у дзённы, так і ў начны час. Тут жа размешчаныя спартыўныя залы для заняткаў валейболам, тэнісам. Кіраўнік дзяржавы лічыць, што колькасць месцаў для спелеалячэння можна павялічыць. «Тут можна ўшчыльняцца. Магчымасці для гэтага ёсць. Напрыклад, для дзяцей можна ўсталяваць двух’ярусныя ложкі», — сказаў Лукашэнка. «Трэба наяўныя плошчы выкарыстоўваць па максімуме. Падыдзіце да вырашэння пытання па-гаспадарску, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы. — Тут не тое што ўсё да канца не прадумана, гэтым проста ніхто не займаўся. Неадкладна трэба выправіць! Мы гэта не разгарнулі як след».

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што паслугі бальніцы запатрабаваныя не толькі сярод беларусаў, але і ў жыхароў замежжа. Ён лічыць, што тут ёсць магчымасці для павелічэння экспарту медыцынскіх паслуг. «Цяпер можна на гэтым зарабляць грошы», — адзначыў Лукашэнка. Ён даручыў уважліва вывучыць гэтае пытанне. «Да 1 верасня тут усё павінна быць ідэальна», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

За ўвесь перыяд дзейнасці бальніцы лячэнне тут прайшлі больш за 32 тыс. чалавек з Беларусі і іншых дзяржаваў:
напрыклад, Казахстана, краін Балтыі, Расіі, Украіны. Штогод тут лечацца каля 2 тыс. пацыентаў, з іх 20% складаюць дзеці 10–17 гадоў.

Эфектыўнасць спелеатэрапіі вельмі высокая і ва ўмовах стацыянара пры праходжанні поўнага курса лячэння дасягае 97%. Найбольш значны эфект атрыманы ў пацыентаў з алергічнай формай бранхіяльнай астмы. У 99,3% пацыентаў назіраецца памяншэнне частоты прыступаў, пры гэтым у 42% пасля завяршэння курсу лячэння надыходзіць поўнае спыненне прыступаў удушша. Паводле ацэнкі, у спелеалячэнні маюць патрэбу прыкладна 37 тыс. жыхароў Беларусі, у тым ліку каля 10 тыс. дзяцей. Высокая тэрапеўтычная і эканамічная эфектыўнасць метаду спелеатэрапіі цягне за сабой вялікі попыт на аказанне гэтага віду паслуг. Дзень знаходжання ў гэтай бальніцы абыходзіцца грамадзянам Беларусі ў 300–400 тыс. рублёў. Замежнікі плацяць за такія ж працэдуры $65–100.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?