18.07.2012 / 10:28

Намеснік міністра архітэктуры: на пр. Пераможцаў можна пабудаваць цэлы комплекс хмарачосаў 3

Адразу два будынкі ў Мінску летась перасягнулі адзнаку 100 метраў, на стадыі праектаў яшчэ некалькі хмарачосаў. Як далей будзе развівацца вышыннае будаўніцтва?

Сваімі меркаваннямі на гэты конт падзяліўся намеснік міністра архітэктуры Дзмітрый Семянкевіч. Паводле яго словаў, асаблівы патэнцыял ёсць у праспекта Пераможцаў у раёне Нямігі.

«На маю думку, вышыннае будаўніцтва дапушчальнае ў Мінску на праспекце Пераможцаў, дзе цяпер узвялі будынак на месцы былой кавярні „Рэчанька“ [Royal Plaza — заўв аўт.], — адзначае Дзмітрый Семянкевіч у інтэрв’ю газеце „На будоўлях Мінска“. — Але яно не павіннае быць адзінкавым, там трэба стварыць добры архітэктурны ансамбль з такіх жа хмарачосаў. Гэта могуць быць гатэлі, аб’екты гандлю, якія падкрэсліваюць выразнасць ансамблю».

Паводле словаў Дзмітрыя Семянкевіча, у савецкія часы Мінск пачынаў працу па стварэнні схемы размяшчэння вышынных будынкаў, але яна не была скончаная. Цяпер да гэтай ідэі вярнуліся: Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва сумесна з інстытутам «Мінскграда» заканчваюць распрацоўку такой схемы.

Гаворачы пра патэнцыял цэнтра горада, намеснік міністра адзначыў: у вышынным будаўніцтве мусіць быць пэўная сістэмнасць. І прывёў адмоўны вопыт Парыжа, дзе стратэгія хмарачосаў у свой час пацярпела фіяска. Там быў узведзены толькі адзін вышынны будынак, які практычна пачаў знішчаць цэнтр горада.

Падобны прыклад Дзмітрый Семянкевіч назваў і ў Мінску — жылы дом «Ля Траецкага»:

«Я лічу вялікай горадабудаўнічай памылкай вышынны жылы дом над Свіслаччу, які пабудаваны з удзелам маскоўскіх інвестыцый. Ён візуальна скараціў прастору зялёнай зоны ракі Свіслач, зрабіў яе дваровай тэрыторыяй і практычна знішчыў маштаб Траецкага прадмесця «.

Чаму да гэтага часу не рэалізаваны праект «Мінск-Сіці»?
У Дзмітрыя Семянкевіча на гэты конт ёсць уласнае меркаванне:

«Тэма падрыхтоўкі пляцоўкі для інвестара ў нас ні ў горадзе, ні ў рэспубліцы не адрэгуляваная. Вопыт Еўропы і Кітая паказвае, што менавіта органы мясцовай улады рыхтуюць пляцоўку для інвестара. Кітайцы называюць гэтую зямлю „чыстай зямлёй“. Інвестар купляе яе з улікам усіх выдаткаў, якія горад панёс на падрыхтоўку пляцоўкі, і адразу ж прыступае да рэалізацыі інвестыцыйнага праекта. У нас жа інвестар трапляе ў сеткі адміністрацыйных працэдур, пачынае вырашаць пытанні з уласнікамі, зносам будынкаў — выконваць функцыі, яму не уласцівыя. У Кітаі кошт чыстага зямельнага ўчастка з пазаквартальнай інфраструктурай можа складаць 60–80% кошту ўсяго праекта. І інвестары плацяць за гэта, вырашаюць пытанні, у тым ліку і па будаўніцтве сацыяльнага жылля».

0
chill / Адказаць
18.07.2012 / 11:05
з большага - цвярозыя меркаванні. ня ўсіх спэцоў вайна пабіла
0
Антон Астапоаіч / Адказаць
18.07.2012 / 12:29
Тое, што чыжоўскі дом ля Траецкана памылка - вядома ўсім. І не проста памылка, а элементарнае крымінальнае злпчынства, па якому, рана ці позна, будуць працаваць праваахоўныя, нармальныя праваахоўныя, органы нармальнай, а не сучаснай Беларусі. Так што Дзмітры Семянкевіч нічым новым не здзівіў. А вось заява пра комплекс хмарачосаў у раёне Нямігі - вельмі паказальная. Чым тады Семянкевіч адрозніваецца ад Чыжа і прадажных чыноўнікаў Мінкульта, дзякуючы якім у абыход заканадаўства паўстала ражно ля Траецкага. Праспект Пераможцаў побач з Нямігай - гэта Гістарычны цэнтр Мінска, ці тэрыторыя непасрэдна прымыкаючая да яго. Высотны аб'ект быццам бы архітэктара Цэйтліна на месцы "Рэчанькі" - кандыдат на разборкі з праваахоўнымі органамі ў перспектыўнай прававой Беларусі. І вось намеснік міністра архітэктуры публічна заклікае да татальнага парушэння заканадаўства ў сферы аховы гісторыка-культурнай спадчыны.
0
Хмары над Мінскам / Адказаць
18.07.2012 / 22:36
Скапленне некалькіх хмарачосаў парушае кліматычныя ўмовы на ўзроўні паверхні, стварае небяспеку для чалавека, калі яны не спецыяльна спраектаваны з улікам аэрадынамікі... Пра гэта шмат даследванняў на Захадзе, http://www.bbc.co.uk/news/magazine-18438604
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру