22.07.2012 / 00:20

Ехаў конік, альбо Умоўная Беларусь 52

Сяргей Ваганаў адказвае Сяргею Дубаўцу.

Бабка Кастуся, мая вясковая сяброўка з настаўніцкай маладосці, не аднойчы, калі падап’е прыхаванай яшчэ за польскім часам «Выбаровай», распачынала спяваць жудасную гісторыю: «Ехаў конік да вады — залатыя павады. Конік не напіўся, мальчык утапіўся. Ідзе пані ратаваць — нідзе сына не відаць. Ідзе пан за вадой — бачыць сына пад вадой: толькі ножкі тырчаць, толькі вочкі блішчаць…». «Не плач, Сярожа, — супакойвала бабка Кастуся пасля спеву, размазваючы па шчацэ ўласную слязу. — Усё яшчэ будзе…».

Бабка Кастуся з яе «мальчыкам» і аптымістычнай абяцанкай на будучыню ўзгадалася, калі прачытаў артыкул Сяргея Дубаўца «Беларусь — гэта мова».

Мова — гэта ўсё, што засталося ад Беларусі, лічыць Дубавец: «…апошні рубеж… адзіны інструмент і адзіная зброя шырокага цывілізацыйнага руху».

Прыгожы тэкст, прывабна завостраная думка, глыбокі падтэкст… Але, як ні паглыбляйся, вынікае, што ўсё астатняе — не Беларусь, а немаведама што, якое «зноў па горла ў Расеі»…

Я ведаю чалавека, які прыкладае шмат намаганняў, каб улезці ў Расію па горла. Лукашэнка? Не, апазіцыянер, так бы мовіць. Да таго ж дастаткова вядомы пісьменнік.
Некалькі гадоў таму намагаўся надрукаваць у расійскіх газетах адкрыты ліст да… Пуціна, каб ён «остановил русификацию» і пасадзейнічаў вырашэнню моўнага пытання. Як быццам Беларусь зноў у складзе Расіі. Дарэчы, пад лістом стаялі подпісы шмат каго з паважаных дзеячаў беларушчыны… Праз некаторы час, праглядаючы часопіс «Наш современник», вядомы сваім дэмагагічна-пячорным антысемітызмам, я заўважыў ліст нашага «змагара за мову» да Станіслава Куняева, галоўнага рэдактара і нястомнага імперца. З ліслівасцю чалавека, якога мала хто разумее, ён запэўніваў адрасата ў сваёй прыхільнасці і прапанаваў надрукаваць свой новы раман, які цалкам супадае з палітыкай часопіса і поглядамі яго галоўнага рэдактара…

Такі вось апошні рубеж… адзіны інструмент… адзіная зброя…

Калі распачаць бойку катэгарычных фармулёвак, то чаму б не выказацца такім чынам, што сёняшняя Беларусь – гэта якраз усё астатняе, а тая Беларусь, каторая, па Дубаўцу, мова – гэта, выбачайце, умоўная Беларусь, якую стварыла інтэлектуальная беларускамоўная эліта. Але падобная бойка – не лепшы шлях да паразумення паміж людзьмі і рознымі дэмакратычнымі плынямі, без якога немагчымы з’яднаны супраціў лукашызму.

...Цяжка зразумець, чаму паэту (у Дубаўца маецца на ўвазе светлай памяці Валянцін Тарас) дазваляецца так званы білінгвізм, а простаму народу — шыза.
Навошта ж білінгвістычную шызу ды элементарную непісьменнасць чынавенства ляпіць да народа, блытаць чынавенства з ягонай лянотай і звычкай шукаць праўду ў роце начальства з мільёнамі тых беларусаў, што трапілі ў пастку русіфікацыі? Тым больш нельга ладзіць з мовы «прыбор», падобны прыбору для распазнання «свой—чужы». Дубавец, вядома, такі прыбор не ладзіць. «Распазнанне» само выпрастоўваецца з-пад штучных тэзісаў пра «водападзел» і «адзіную зброю»…

Цемрашальства ці проста глупства — пярэчыць разгортванню шырокага цывілізацыйнага руху, заснаванага на распаўсюдзе ведання ды ўжывання роднай мовы. Тут я з Дубаўцом згодны, нават гатовы ўскрыкнуць: «Даўно пара!»

Але лічыць, што мова — гэта адзінае, што выцягне краіну з багны лукашызму і гарантуе сапраўдную незалежнасць, — значыць не проста памыляцца ў стылі Мюнхгаўзена, а ізноў, як напачатку 90-х, небяспечна збочваць у каляіну, што, насамрэч, спрыяе таму, каб улезці «па горла ў Расею» накшталт Татарстана ці Удмурціі…
Але там не існуюць татарская ды удмурцкая мовы? Існуюць. Нават квітнеюць… А якія-небудзь, умоўна кажучы, «неглюбскія бабулькі» заўсёды знойдуцца…

Я не фармацэўт з рэцэптурнага аддзела палітычнай аптэкі, але ўпэўнены, што адпаведныя лекі для Беларусі трэба гатаваць з больш складаных рэчываў. Для мільёнаў беларусаў, што купіліся на подлы рэферэндум аб дзяржаўным двухмоўі, яна сталася толькі ўскосна роднай. Бо цяжка лічыць роднай, ад першых слоў маці і першага буквара, мову, якая на працягу паловы мінулага стагоддзя вывучалася, ды і сёння вывучаецца падобна іншаземнай…

Не напіўся конік… утапіўся «мальчык»… толькі вочкі блішчаць…

Але гэта не шыза, а сюр. Не шыза падвоенай свядомасці, а сюр няўмольных гістарычных абставінаў.

Ці здолее пераадолець гэтыя абставіны і стварыць новыя, спрыяльныя для беларускай будучыні, не ўмоўная, а нанова народжаная, маладая Беларусь? Здолее. Калі гэтае пытанне паўстане перад ёю як пытанне ўжо не мары, а дзеяння.

Тады і конік з «мальчыкам» нап’юцца чысцюткай празрыстай вады.

…Мудрая ўсё ж была бабка Кастуся. Што Саламон. Толькі той — «усё пройдзе», а тая — «усё яшчэ будзе».

Па сутнасці, тое ж…

Сяргей Ваганаў, kamerton_41@mail.ru

0
Франак Вячорка / Адказаць
22.07.2012 / 01:12
1. Ніхто не сказаў, што мова - гэта адзіны інструмэнт для зьмены палітычнай сытуацыі. 2. Дубавец пісаў, што мова - адзін з апошніх рубяжоў, які аддзяляе (адрозьнівае, вылучае) нас ад расейцаў. Гісторыю ўжо напісаў Трашчанок, культуру - запаланілі пугачовы, незалежнасьць - да горла прыстаўлены рускі штык. 3. Давайце адрозьніваць "першая" мова і родная мова. Для маладога пакаленьня вельмі часта расейская мова зьяўляецца першай (на жаль), пры гэтым лічаць беларускую за родную. 4. Дыскусія вялася вакол таго, ці можа быць расейская мова часткай беларускай культуры. На мой погляд, ня можа. Аўтар правільна адзначыў, гэта сюр, на фоне гістарычных абставінаў. І гэта ня вынік нейкай міфічнай пасткі на пачатку 90-х, куды загналі бедных беларусаў. Гэтая пастка - русыфікацыя - працягваецца два стагодзьдзі. І адзіны спосаб з гэтай пасткі выйсьці - актыўнае ўжываньне, распаўсюд і прамоцыя беларускай мовы і беларускай культуры
0
Зямля і Мова / Адказаць
22.07.2012 / 07:30
Цяжка зразумець, чаму паэту дазваляецца так званы білінгвізм, а простаму народу — шыза. Але гэта не шыза, а сюр. Не шыза падвоенай свядомасці, а сюр няўмольных гістарычных абставінаў. ..................... не дазваляецца ж - а канстатуецца шызоіднасьць гэтага білінгвізму не шыза, але сюр не сюр, а шыза можа сюр праз шызу? ну вось - ужо не проста цёмен сам, лысы-аблезлы, чытаць-пісаць я не умею, не ходзіць гладка мой язык..Вось жа чаго ён не хадзіў гладка? - не па-беларуску? - бо трэ было мувіць-разговаріваць, каб змяніць сферу дзейнасьці - перастаць толькі араць і сеяць.. Трэ было здрадзіць роднаму, спаконвечнаму. І здраджвалася - і чалавек нават ставаў проста фанатам сваёй здрады. Вось адкуль гэты СЮР няўмольных гістарычных абставінаў. Я так разумею, што Дубавец звяртае увагу на карані існаваньня так званай няўмольнасьці гістарычных абставін. На прыроду гэтага сюру. На яго рукатворнасьць - у сэнсе языкатворнасьць. Зараз абставіны зусім змяніліся, зусім. Зараз здрада мове якраз не дазваляе араць і сеяць( хоць і выглядае, што ўсё арэцца - ахрагарадкуецца). Зараз менавіта яна - здрада мове - прымушае, сядзець і чакаць з мора пагоды - сюр у тым, што свайго мора капіталістычнага няма дагэтуль. А чаму, чаму, чаму, чаму, чаму?
0
Kus / Адказаць
22.07.2012 / 10:27
Спадар Ваганаў напісаў лухту, бо менавіта дзякуючы мове нас прызналі за асобны народ, а не за лутшых расейцаў, і дзякуючы ёй мы займелі дзяржаўнасць. Калі б у нашых продкаў было б такое стаўленне, то і былі б западнарускімі с местным каларытам. Цяпер, як маем хоць якую дзяржаўнасць, то ваганаў можа зверху на мову ківаць, але ўявіце, што заўтра нас анексуюць і што, расейскамоўныя будуць беларусамі? ды гэта смешна, бо яны беларусы пакуль ё хоць якая мяжа. Не будзе яе і праз колькі год будзе як у расейскіх нац. рэгіёнах. А расейскамоўныя і тады беларускую культуру будуць ствараць? Гэта проста лухта. Ваганаў напісаў пра квітнеючыя татарскую і ўдмурцкую - адкуль вы такое ўзялі. Брахня!!! (не саромеюся тут гэтага слова). Варта проста залезці ў нэт, калі іншых крыніц не маеце, і ўпэўніцца ў адваротным. хаця б вось тут http://dumrt.ru/node/694 Яшчэ дзесяць год таму па перапісах у Расеі было больш за мільён беларусаў, цяпер толькі паўмільёна. Дзе яны падзеліся? Ды нідзе - расейцамі пасталі. А ці чуў калі Ваганаў пра расейскамоўную беларускую эміграцыю, якая б яшчэ і культурны прадукт стварала? Няма такой, бо яны тут жа робяцца расейцамі, за адзінкавымі выключэннямі. Годзе займацца самападманам.
Паказаць усе каментары/ 52 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру