Новы аўтобусны маршрут паміж Мінскам і краінамі Балтыі (Мінск — Панявежыс — Рыга) буйнога міжнароднага аператара Lux Express Group быў прадстаўлены 18 ліпеня ў Мінску ў пасольстве Латвіі.

Як адзначыў у прывітальным слове пасол Эстоніі ў Беларусі Яак Ленсмент, «новы маршрут будзе садзейнічаць кантактам паміж людзьмі нашых краін». Паводле яго слоў, яго дачка ўжо скарысталася новай паслугай і засталася задаволеная.

Як паведаміла начальнік аддзела продаж і маркетынгу прадстаўніцтва кампаніі ў Расіі Вольга Андрыенка, новы маршрут працуе штодзённа з 20 чэрвеня.
Перавозка пасажыраў ажыццяўляецца аўтобусамі класа lux — Scania Irizar, якія вызначаюцца больш шырокай, чым звычайна, адлегласцю паміж радамі. Пасажырам падчас паездкі даецца магчымасць бясплатнага карыстання бесправодным інтэрнэтам Wi-Fi, разеткамі для зарадкі мабільных прылад, кава-машынай, пастаянна дзейнай прыбіральняй. За дадатковую плату даюцца падушкі і коўрды.

Кошт паездкі ад Мінска да Панявежыса складае 15 еўра, да Рыгі — 27. З Панявежыса і Рыгі арганізуюцца стыковачныя рэйсы ў гарады краін Балтыі, Еўропы і Расіі.

Як сказала Андрыенка, кампанія Lux Express Group была заснаваная ў 1992 годзе эстонскім прадпрымальнікам Хуга Асула і за 20 гадоў з «невялікага перавозчыка ператварылася ў найбуйнейшага аператара міжнародных пасажырскіх перавозак у Балтыі». Сёння ў кампаніі адкрытыя прадстаўніцтвы ў Эстоніі, Латвіі, Літве, Польшчы і Расіі. «У Беларусі адкрываць прадстаўніцтвы мы пакуль не плануем», — паведаміла начальнік аддзела. Білеты можна набыць як у касах мінскіх аўтавакзалаў, так і па інтэрнэту.

Паводле слоў начальніка, у распараджэнні кампаніі знаходзяцца больш чым 50 сучасных аўтобусаў, якія працуюць на 14 маршрутах. За апошнія 5 гадоў кампанія інвеставала ў набыццё аўтобусаў больш чым 4 млн. еўра. Яе абарот складае звыш 10 млн. еўра, пасажырапаток — 450 тыс.

.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?