18.07.2012 / 14:49

Карняенку і Ухналёва выключылі з базы невыязных 2

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «За справядлівыя выбары» Віктар Карняенка і намеснік старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы свет» Валерый Ухналёў выключаны з базы даных асоб, выезд якім з Беларусі часова абмежаваны,
паведаміў сам Карняенка.

Паводле яго слоў, 18 ліпеня суд Цэнтральнага раёна Мінска павінен быў разгледзець яго іск і іск Ухналёва аб уключэнні іх у базу невыязных. «Аднак пасяджэнне, можна сказаць, не адбылося. У суд прыйшлі супрацоўнікі МУС, якія паведамілі, што быў нейкі тэхнічны збой.

Цяпер гэты збой ліквідаваны, нам выдалі даведкі, што мы выключаны са „спіса невыязных“, і заявілі, што цяпер нас у спісах няма.
На падставе гэтага суддзя адмовіла ў разглядзе іску, бо няма прадмета іску, а за „тэхнічны збой“ да адказнасці прыцягнуць немагчыма», — сказаў Карняенка.

«У судзе было бачна, што ніхто, па вялікім рахунку, не хоча выконваць абсурдныя загады ўлады, а потым за гэта адказваць. Усе ведаюць і разумеюць, чаму было прынята рашэнне нас не выпускаць. Але ў Беларусі, мабыць, створана спецыяльная служба дробных паскуднікаў, якія проста абцяжарваюць жыццё апанентаў улады», — заявіў палітык.

11 сакавіка Віктару Карняенку не дазволілі выехаць у Вільню (Літва) на рабочую сустрэчу цераз памежны пераход «Каменны Лог». 12 ліпеня ён не змог вылецець у Вену для ўдзелу ў дадатковай нарадзе па чалавечым вымярэнні АБСЕ, на якім у ліку іншых абмяркоўвалася тэма парламенцкіх выбараў у Беларусі. Ён атрымаў афіцыйнае запрашэнне на ўдзел у гэтай нарадзе, і яму быў замоўлены білет, аднак у нацыянальным аэрапорце Мінск памежнікі паставілі яму штамп у пашпарт аб забароне на выезд.

Валерый Ухналёў, быў затрыманы беларускімі памежнікамі 21 сакавіка на пагранпераходзе «Каменны Лог» пры спробе перасячы беларуска-літоўскую мяжу на асабістым аўтамабілі. Памежнікі адмовілі яму ў выездзе ў краіны, таксама паставіўшы ў пашпарт адпаведны штамп.

0
салют, камарады! / Адказаць
18.07.2012 / 15:16
Цяпер можна спакойна iсьцi на выбары?
0
Ліс / Адказаць
18.07.2012 / 15:20
Трэ неадкладна праверыць ці застаўся "тэхнічны збой"
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру