18.07.2012 / 15:31

Выстаўлена абвінавачанне падазраванаму ў забойстве школьніцы ў Стаўбцоўскім раёне

Жыхару Стаўбцоўскага раёна 1994 года нараджэння выстаўлена абвінавачанне ў забойстве з асаблівай жорсткасцю (п. 6 ч. 2 арт. 139 КК) вучаніцы 11-га класа Засульскай сярэдняй школы, 1996 года нараджэння.

Пра гэта журналістам 18 ліпеня паведаміў начальнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Ягор Сіняк.

«Выстаўлена абвінавачанне. Хлопец дае паказанні. Праводзяцца іншыя следчыя дзеянні, скіраваныя на збор дадатковых доказаў. Прызначаны экспертызы», — сказаў Сіняк.

Паводле яго слоў, маладыя людзі бавілі час у кампаніі, выпівалі. Калі засталіся ўдваіх — узнікла сварка, і малады чалавек задушыў дзяўчыну.

Абвінавачанне падазронаму было выстаўлена 12 ліпеня. На момант учынення злачынства ён быў непаўналетнім.

Нагадаем, труп дзяўчыны быў знойдзены 30 чэрвеня ў двары дачнага дома ў вёсцы Засулле. Цела знаходзілася ў яме і было прысыпана зямлёй. З 28 чэрвеня школьніца знаходзілася ў вышуку як без вестак зніклая.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру