Нязгодныя рабочыя сабраліся на стыхійны мітынг і вырашылі выйсці з дзяржаўнага прафсаюза.
Каля 100 заяў былі напісаныя адразу. Сабрана ўжо каля 150, збор ідзе далей, заявы будуць пераданыя на імя генеральнага дырэктара Аляксандра Судніка.
Усё адбылося ў адным са структурных падраздзяленняў холдынгавай кампаніі «Пінкдрэў» на заводзе габляванага шпону і мэблі.
Сітуацыю пракаментаваў Дзмітрый, рабочы:
— На столькі цяжкая зараз эканамічная сітуацыя ў працоўных, калі зарплаты ў параўнанні з той працай, якую людзі робяць, настолькі мізэрныя, настолькі здзеклівыя за нашую цяжкую рабскую працу, якая параўнальная з катаржнай працай.І літаральна сёння людзі атрымалі разліковыя лісткі на нашым заводзе, паглядзелі і проста апусціліся рукі. Таму што тыя сумы, якія нам выплочваюць, — здзеклівыя, бо людзям трэба карміць свае сем’і, карміцца самім, выплочваць крэдыты і фактычна гэта не толькі ўжо немагчыма, але гэта ўганяе людзей у нейкую кабалу, таму што з’яўляюцца даўгі і іншае.
Рабочы адзначыў, што незадаволенасць была даўно, але людзі трымаліся да апошняга, спрабавалі хадзіць на прыём да генеральнага дырэктара, верылі ў найлепшыя змены пасля адстаўкі Ларана Арыніча і разбіральніцтваў па выбуху. Як адзначыў Дзмітрый, чуткі аб выказаным пратэсце на заводзе распаўсюджваюцца па ўсім холдынгу і жадаючых далучыцца вельмі шмат.