18.07.2012 / 16:28

Мядзведзеў і Мясніковіч засядаюць у Заслаўі

Беларуска-расійскія перамовы ў пашыраным складзе пачаліся пасля сустрэчы прэм’ер-міністраў Дзмітрыя Мядзведзева і Міхаіла Мясніковіча ў вузкім фармаце. Удзельнікі пасяджэння павінны абмеркаваць больш за 20 пытанняў.

Паводле звестак прэс-службы Пастаяннага камітэта СД, плануецца абмеркаваць справаздачу аб выкананні бюджэту СД за 2011 год, балансы паліўна-энергетычных рэсурсаў і прагнозныя балансы попыту і прапановы па найважнейшых відах прадукцыі СД на 2012 год, канцэпцыю сацыяльнага развіцця СД да 2015 года.

Да ўвагі дэлегацый таксама будуць пададзены праекты канцэпцый саюзных праграм у сферы пагранічнай бяспекі, распрацоўкі касмічных і наземных сродкаў дыстанцыйнага зандавання Зямлі, інавацыйнага развіцця вытворчасці бульбы і тапінамбура, інавацыйных тэхналогій і тэхнікі для вытворчасці канкурэнтаздольных кампазіцыйных матэрыялаў, матрыц і армавальных элементаў.

Удзельнікі пасяджэння абмяркуюць ход працы па правядзенні ўзгодненай палітыкі ў галіне тэхнічнага рэгулявання, стандартызацыі і метралогіі, а таксама вынікі выканання навукова-тэхнічнай саюзнай праграмы «Распрацоўка і выкарыстанне праграмна-апаратных сродкаў ГРІД-тэхналогій і перспектыўных высокапрадукцыйных (суперкамп’ютарных) вылічальных сістэм сямейства «СКІФ».

Чакаецца прыняцце рашэнняў па пытаннях, звязаных з працай СМІ Саюзнай дзяржавы, і іншых арганізацыйных пытаннях.

Найважнейшым вынікам пасяджэння стане падпісанне генеральнага кантракта на будаўніцтва Расіяй беларускай атамнай электрастанцыі.

У «Заслаўе» Дзмітрый Мядзведзеў прыбыў пасля сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам.

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру