18.07.2012 / 19:27

Дык ці выступаюць марксісты за агульнасць жонак? Яшчэ раз пра марксізм і нацызм 25

Піша Анатоль Сідарэвіч.

16 ліпеня на сайце часопіса ARCHE з’явілася гутарка германіста Яўгена Бяласіна і невядомага мне Марата Краўцова «Моладзь і фашызм», у якой закранута нямала пытанняў, у тым ліку марксісцкае (назавем яго так) стаўленне да сям’і і пераемнасць паміж марксізмам і нацызмам.

Марат Краўцоў цытуе адпаведную мясціну з Камуністычнага маніфесту на доказ таго, што камуністы выступалі за агульнасць жонак, а Яўген Бяласін, падтакваючы яму, спасылаецца па бальшавічку Аляксандру Калантай, якая прапаведавала вольнае каханне.
Мне, які трохі вывучаў тэорыю сацыялізму (а камунізм, паводле Карла Маркса, ёсць радыкальная, рэвалюцыйная плынь у сацыялізме), і цікава, і смешнавата чытаць тое, пра што цяпер, здаецца, нават ксяндзы з амбонаў не кажуць.

Я не пра тое, што за саветамі прафкамы і парткамы нямала часу на сваіх паседжаннях прысвячалі так званай бытавой распушчанасці і маральнаму разлажэнню асобных таварышаў. І нават не пра знакамітую фразу савецкай грамадзянкі «У нас сэксу няма».

Я пра гісторыю марксізму, пра Камуністычны маніфест і тое, што было пасля яго.

У свой час, пішучы для Энцыклапедыі гісторыі Беларусі артыкул «Сацыялізм», я паказаў, што асноўныя сацыялістычныя/камуністычныя пастулаты былі выпрацаваныя да Карла Маркса і Фрыдрыха Энгельса.
І словы «сацыялізм» ды «камунізм», а таксама класавую барацьбу і нават дыктатуру пралетарыяту прыдумалі не яны. Як і сацыялістычныя/камуністычныя пастулаты пра сям’ю і грамадскае выхаванне дзяцей.

Сеўшы размаўляць пра Маркса і Энгельса, пра Камуністычны маніфест, два суразмоўцы маглі б звярнуць увагу на тое, што асноўная частка ІІ раздзелу Маніфесту напісаная ў палемічным ключы. І толькі яго канцоўка ўтрымлівае праграму. У тых дзесяці пунктах няма ані слова пра агульнасць жонак, але маюцца палажэнні пра грамадскае і бясплатнае выхаванне (і навучанне?) усіх дзяцей, пра ліквідацыю фабрычнай працы дзяцей у яе тагачаснай форме і пра спалучэнне выхавання з матэрыяльнай вытворчасцю (тое, што пазней атрымала назоў палітэхнізацыі школы, працоўнага навучання).

Цікава было б супаставіць пункт 3 гэтай праграмы з «Патрабаваннямі Камуністычнай партыі ў Нямеччыне» (1848). Там ужо гаворыцца не пра скасаванне права спадчыны, а пра яго абмежаванне.
Вось такая хуткая эвалюцыя. Там ужо гаворыцца не пра бясплатнае грамадскае выхаванне дзяцей, а пра ўсеагульную бясплатную народную адукацыю. Таксама эвалюцыя. І вельмі прагрэсіўная прапанова.

Гэта я вяду да таго, што шаноўным Яўгену Бяласіну ды Марату Краўцову варт было б памятаць і сваім чытачам нагадаць, што ёсць такія паняцці, як эвалюцыя марксізму, ранні марксізм і позні марксізм.

Позні марксізм, як я думаю, пачаўся ў 1870-х гадах. І таму прапаную спадарам Бяласіну і Краўцову пачытаць прадмову Маркса і Энгельса да нямецкага выданння Камуністычнага маніфесту, напісаную ў 1872 г.
Сп. Краўцоў цытаваў мясціну з ІІ раздзелу «Маніфеста Камуністычнай партыі». А вось што пісалі самі Маркс і Энгельс у 1872 годзе пра Маніфест і пра гэты раздзел:

«У асобных мясцінах [Маніфесту] варт было б зрабіць сякія-такія папраўкі. Практычнае ажыццяўленне… асноўных палажэнняў, як сказана ў самім „Маніфесце“, будзе паўсюль і заўсёды залежаць ад існых гістарычных умоваў, і таму рэвалюцыйным мерапрыемствам, прапанаваным ў канцы ІІ раздзелу, ані не надаецца самадастатковага значэння. Цяпер гэтая мясціна ў шмат якіх адносінах гучала б інакш».

У апошнім абзацы прадмовы 1872 года Маркс і Энгельс кваліфікуюць Маніфест як гістарычны дакумент, г. зн. як дакумент свайго часу, 1840-х гг.
І кваліфікуючы яго так, яны нічога ў ім не мянялі, але рабілі агаворку: «Можа быць, наступнае выданне удасца забяспечыць уводзінамі…» Ва ўводзінах меркавалася ўлічыць досвед сацыялістычнага і работніцкага руху, у тым ліку дасягненні сацыялістычнай тэорыі, ад 1847 года. Напісаць жа ўводзіны да выдання 1872 года Маркс і Энгельс не змаглі, бо тое выданне, як пішуць яны самі, «было ўчынена нагэтулькі нечакана для нас, што ў нас не было часу для такой працы».

Уводзіны да Маніфесту так і не былі напісаныя. Маркс узмоцнена працаваў над «Капіталам». Энгельс таксама не сядзеў склаўшы рукі. Наступнае ж нямецкае выданне Маніфесту, да якога была напісана прадмова, выйшла ў 1883 годзе — пасля смерці Маркса. Натуральна, што адзін, без Маркса, Энгельс не ўзяўся пісаць пісаць уводзіны да іх супольнага твора. Прадмову ж да ангельскага выдання (1888) Энгельс завяршыў цытатаю з прадмовы на нямецкага выдання 1872 года. Прадмову 1872 г. Энгельс змясціў і ў нямецкім выданні Маніфесту 1890 года.

Такім чынам, Энгельс зноў і зноў прапаноўваў ставіцца да Маніфесту як да гістарычнага дакумента.

Да пачатку 1890-х гг. марксізм у сваёй эвалюцыі стаў вельмі не падобны да марксізму 1840-х.
У свой час я пісаў артыкул «Энгельс Фрыдрых» для Энцыклапедыі гісторыі Беларусі (потым у скароце ён будзе перадрукаваны ў Беларускай Энцыклапедыі) і рабіў акцэнт на позніх працах гэтага тэарэтыка сацыялізму. Дык вось, Энгельс у ЭГБ (хоць мой артыкул і «падрэдагавалі») не падобны да таго Энгельса, якога нам прадстаўлялі ў савецкіх выданнях. І не выпадкова, што новае слова ў тэорыі сацыялізму сказалі Энгельсавы памочнікі — Эдуард Бернштайн і Карл Каўцкі. Калі ж удумацца, дык яны абодва толькі прадоўжылі справу, пачатую іх настаўнікам. Ды што там Бернштайн і Каўцкі! Нават Вільгельм Лібкнехт, якога Ленін характарызаваў як рэвалюцыянера, «дагаварыўся» да тэорыі мірнага ўрастання капіталізму ў сацыялізм (1891).
Адбылася эвалюцыя марксізму і ў падыходзе да праблемаў жанчын, шлюбу і сям’і.

У 1879 годзе Аўгуст Бебель выдаў кнігу «Жанчына і сацыялізм». Тое, што гэтая праца на працягу 30 гадоў толькі ў Нямеччыне вытрымала 50 выданняў, пра нешта ды кажа. І нідзе ў той кнізе я не знайшоў словаў пра агульнасць і нацыяналізацыю жанчын. Затое знайшоў іншае:

«У выбары каханага чалавека яна [жанчына], як і мужчына, свабодная і незалежная. Яна выбірае ці яе выбіраюць, але ва ўсякім разе яна заключае саюз паводле сваёй схільнасці, а не з нейкіх іншых меркаванняў. Гэты саюз з’яўляецца прыватнай дамовай без умяшання службовай асобы, падобна да таго, як да сярэднявечча шлюб быў прыватнай дамовай. Сацыялізм тут не стварае нічога новага, ён толькі зноў падымае на вышэйшую культурную ступень пры новых грамадскіх формах тое, што было агульнапрызнаным, пакуль у грамадстве не наступіла панаванне прыватнай уласнасці».

Саюз жанчыны і мужчыны — вось што такое сям’я у разуменні марксіста Бебеля.
Здаецца, гэты ідэал спакваля рэалізуецца. Праўда, да таго, каб абыходзіцца ў гэтай справе без службовай асобы, грамадства пакуль што не дарасло. Маральна.

То была цытата з 28-й главы. А цяпер мясціна з 25-й главы. Аб грамадскім выхаванні:

«…мы… натыкаемся на абурэнне з боку буржуазных „людзей парадку“. Школа ператворыцца ў казарму, бацькі будуць пазбаўлены ўсякага ўплыву на сваіх дзяцей, усклікаюць праціўнікі. Але пра гэта не можа быць і гаворкі, беручы пад увагу, што бацькі ў будучым грамадстве будуць мець непараўнальна больш вольнага часу, чым яго маецца ў большасці выпадкаў цяпер… Такім чынам, бацькі змогуць удзяліць сваім дзецям столькі часу, колькі яны цяпер не могуць ім прысвяціць. Акрамя таго,

сістэма выхавання будзе цалкам залежаць ад бацькоў, бо яны будуць вырашаць, якія меры і ўстановы належыць увесці.
Тады грамадства будзе наскрозь прасякнута дэмакратычнымі пачаткамі. Педагагічныя камісіі будуць складацца з бацькоў — мужчын і жанчын — і выхавацеляў. Хіба можна дапусціць, што яны будуць дзейнічаць супраць сваіх пачуццяў і інтарэсаў? Гэта мае месца толькі ў сучасным грамадстве, у якім дзяржава праводзіць сістэму выхавання, якая адпавядае яе інтарэсам, але супраць волі бальшыні бацькоў».
Як бачым, бальшавіцкая і нацысцкая сістэмы выхавання не адпавядалі ўяўленням Бебеля, паплечніка Маркса і Энгельса.
Нам, беларусам, трэба толькі ўздыхнуць, бо нам яшчэ далёка да ідэалу, выпрацаванага Бебелем. А на Захадзе ён у пэўнай ступені рэалізаваўся. У ЗША, напрыклад, бацькоўскія камітэты ў немалой ступені вырашаюць, што будуць вывучаць іхнія дзеці і хто іх будзе вучыць. Але гэта, наколькі мне вядома, у тых кварталах і паселішчах, дзе пераважаюць людзі сярэдняга і вышэйшага пластоў сярэдняга класа.

Або вось гэтая ідэя чым не выдатная: «Калі ў будучым на кожныя 8–10 вучняў будзе даводзіцца па адным настаўніку, дык можна спадзявацца, што мэта [фізічнае і духоўнае удасканаленне моладзі] будзе цалкам дасягнутая»? Чытайце Бебеля — у яго шмат цікавых думак.

У гісторыі творчы падыход да тэорыі Маркса і Энгельса (ён уласцівы заходняму марксізму, у тым ліку заходняй плыні ў расійскім марксізме) існаваў і існуе паралельна з дактрынёрствам.
І нават не віна, а бяда ўсходняй плыні ў расійскім марксізме, што яе правадыр надта ўзіраўся ў літару Маніфесту. Але нават Ленін, калі прыйшоў да ўлады і пачаў рэалізоўваць праграмныя палажэнні ранняга марксізму, не ўводзіў агульнасці жонак, хоць свабоднае каханне ў яго партыі прапаведавала не адна Калантай, а саўдэп ва Уладзіміры нібыта выдаў дэкрэт «аб распрыгоненні жанчыны», паводле якога кожная дзяўчына, якая дасягнула 18 год, абвяшчалася уласнасцю рэспублікі і падлягала рэгістрацыі ў «Бюро свабоднага кахання». Не ведаю, як ва Ўладзіміры, а ў Саратаве падобны дэкрэт, лічаць некаторыя гісторыкі, быў фальшыўкаю, якую па ўсёй Расіі і за мяжой шырока растыражавалі правыя. Фальшыўкаю, лічаць некаторыя, быў і падобны дэкрэт, выдадзены ў Кацярынадары. Ленін, да якога дайшлі (пішуць, што фальшывыя) весткі, што ў адной воласці пачалася рэалізацыя такога «дэкрэту», загадаў арыштаваць і сурова пакараць мярзотнікаў.
Паступова, па меры таго, як бальшавіцкая сістэма ўмацоўвалася, размовы пра свабоднае каханне сціхлі.
Наступіла, як і ў дарэвалюцыйны час, эпоха вонкавай добрапрыстойнасці (праўда, без дамоў цярпімасці, але з прастытуцыяй; у 1960-х і 1970-х хадзілі чуткі, што ў Беларусі выкрылі некалькі падпольных бардэляў).

А цяпер вернемся да радаводу нацызму. Пра падабенства нацызму, фашызму і марксізму правыя пішуць даўно. Сп. Бяласін на доказ цытуе адпаведнае выказванне Гітлера. Скажу больш: калі ж паглядзець у гісторыю еўрапейскай думкі, дык выявіцца, што ў марксізму і нацызму супольныя філасофскія карані. Вядома, што на станаўленне філасофіі марксізму істотна паўплывала гегельянства. Але многія (не толькі савецкія) філосафы лічаць, што гегельянства паўплывала і на станаўленне нацызму. Праз гегельянства прайшоў філосаф фашызму Джавані Джэнціле (у свой час супрацоўнік і суаўтар будучага антыфашыста Бэнедэто Крочэ). Марксісты, фашысты і нацысты бралі ў Гегеля тое, што ім падабалася: адны — дыялектычную логіку, другія — тэзіс аб духу народаў.

З гэтага робім выснову:

казаць пра тое, што фашызм і нацызм вынікаюць з марксізму, накарэктна.
Калі б спадары Бяласін і Краўцоў былі карэктнымі, яны мусілі б адмыслова зацеміць, што Мусаліні і Гітлер пераймалі навуку захопу і ўтрымання ўлады ва ўсходніх марксістаў, у бальшавікоў, якія (і пра гэта спадар Бяласін ведае) былі «на нажах» з марксістамі заходнімі. Гэта неаспрэчны факт, што заходні марксізм не нарадзіў таталітарнай палітычнай сістэмы, а ўсходні марксізм — нарадзіў. Але тут віна Маркса і марксізму, калі яна і ёсць, — самая мінімальная. Бо даўно агульным месцам стаў тэзіс пра тое, што
бальшавіцкі пераварот у былой Расійскай імперыі адбыўся насуперак Марксу. Прычыны нашай супольнай з Расіяй крывавай драмы, якая доўжыцца вось ужо 95 год, трэба шукаць у нашай гісторыі, у нашай ментальнасці.
Пачытайма для пачатку хоць бы «Вытокі і сэнс расійскага камунізму» Мікалая Бярдзяева. А потым разгорнем іншыя кнігі.

Анатоль Сідарэвіч

0
Фрыдрых Маркс / Адказаць
18.07.2012 / 19:44
Матухна мая! Ну сапраўды няма чаго рабіць сп. Сідарэвічу на пеньсіі, як корпацца ў гумасе камуністычных фантазій пра жонак, пра склады, забітыя прадуктамі для добрых пралетарыяў, і пра іншае - для благіх... Гэта ж трэба было набіць такую процьму літараў на клаве, каб высьвятляць, што мелі і чаго ня мелі на ўвазе Карлас, Фрыц і Клара, якая кудысьці падзела ці скрала каралы Розы...
0
Шпак / Адказаць
18.07.2012 / 19:47
А вот и статья о декрете, который якобы "обобществлял" женщин. http://scepsis.ru/library/id_2045.html
0
Бенедзікт / Адказаць
18.07.2012 / 19:58
Во як разышоўся былы выкладчык грамадскіх навукаў сацыяліст А. Сідарэвіч... "После Октябрьского переворота 1917 года по всей России появлялись и множились кружки «Долой стыд!», «Долой невинность!», «Долой брак!», «Долой семью!». На заре своего появления многие комсомольские ячейки видели свою основную задачу не в подготовке кадров для строительства светлого будущего (такой задачи партия еще не поставила перед молодыми), а в раскрепощении молодежи, развале старого мещанского быта и уничтожении православных оков нравственности времён «проклятого царизма". http://secret-r.net/publish.php?p=106
Паказаць усе каментары/ 25 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру