19.07.2012 / 17:27

Пададзены дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп Статкевіча і Міхалевіча 9

Удзельнікі грамадзянскай ініцыятывы «Свабоду Мікалаю Статкевічу і іншым палітзняволеным!» падалі ў акруговыя выбарчыя камісіі дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты Мікалая Статкевіча і Алеся Міхалевіча, паведаміла жонка Статкевіча Марына Адамовіч.

Паводле яе слоў, дакументы на рэгістрацыю ініцыятыўных груп Статкевіча пададзены ў большасць акруговых камісій Беларусі, у тым ліку ва ўсіх абласных цэнтрах і Мінску.

Спісы ініцыятыўных груп Міхалевіча пададзены ва ўсіх акругах Мінска.

Як адзначыла Адамовіч, такі захад ставіў некалькі мэт.
«Пры дапамозе выбарчай кампаніі мы жадаем прыцягнуць увагу да таго, што ў турме сядзіць кандыдат у прэзідэнты — Мікалай Статкевіч, а другі — Алесь Міхалевіч — знаходзіцца ў выгнанні. Усе астатнія ўдзельнікі прэзідэнцкіх выбараў — дэмакратычныя кандыдаты ў прэзідэнты так ці інакш ушчэмленыя ў правах», — сказала Адамовіч.

Акрамя таго, паводле яе слоў, гэтым крокам ініцыятыва «Свабоду Мікалаю Статкевічу і іншым палітзняволеным!» нагадвае, што «прэзідэнцкія выбары 19 снежня 2010 года не адбыліся, іх вынікі былі фальсіфікаваныя, такім чынам, у краіне няма законнай, прызнанай сусветнай супольнасцю легітымнай улады, а значыць, і парламенцкія выбары таксама незаконныя».

«І яшчэ мы хочам нагадаць нашым выбарчым камісіям, якія ў большасці сваёй складаюцца са старых правераных кадраў: менавіта яны адказныя за тое, што адбываецца цяпер у Беларусі. Бо менавіта яны фальсіфікавалі прэзідэнцкія выбары», — заявіла Адамовіч.

Паводле яе слоў, яна не спадзяецца, што ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатамі ў дэпутаты Статкевіча і Міхалевіча будуць зарэгістраваны. «Ужо цяпер у акруговых камісіях іх члены нервова рвуць дакументы, ледзь не рыдаюць. Але я спадзяюся, што ў некаторых месцах групы ўсё ж будуць зарэгістраваны, і мы выкарыстаем іх патэнцыял для інфармавання людзей пра палітзняволеных», — сказала Адамовіч.

0
Danik / Адказаць
19.07.2012 / 17:36
ушчэмленыя ў правах = уціснутыя ў правах!
0
Алег / Адказаць
19.07.2012 / 17:46
У якім выгнаньні Міхалевіч? Яго ніхто не выганяў. Сам зьехаў.
0
оллд / Адказаць
19.07.2012 / 18:23
не з" ехау, а зьбег .
Паказаць усе каментары/ 9 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру