Пра тое, навошта гэтая дзвіжуха палякам, беларусам і ўсяму астатняму свету, распавядае арганізатар фэсту Януш Гаўрылюк.

Януш Гаўрылюк, 37 гадоў. Адзін з арганізатараў Bulbamovie. Скончыў Цыркавую школу ў Юлінку (спецыяльнасць — эквілібрыст), факультэт беларускай філалогіі ў Варшаўскім універсітэце, «лабараторыю рэпартажу» на аддзяленні журналістыкі Варшаўскага ўніверсітэту. Працуе рэдактарам на «Белсаце».

Што такое Bulbamovie?

Bulbamovie — гэта фэст «непартызанскага» беларускага кіно, які пройдзе ў Варшаве 26–28 кастрычніка. Калі казаць больш шырока — гэта праект, пакліканы пазнаёміць палякаў з сучаснымі беларускімі фільмамі і беларускай рэчаіснасцю за межамі трыяды «дыктатура, апазіцыя, Лукашэнка».

Як фэст праходзіў летась? І што будзе гэтым разам?

У 2011-м фэст быў своеасаблівай справаздачай пра фільмы made in Belarus за апошнія гадоў дзесяць. Мы не паказвалі прыгодаў Анастасіі Слуцкай або стужак пра барацьбу з «апошняй дыктатурай», а паспрабавалі сканцэнтравацца на беларускам «офавым» кіно. Былі культавыя «Случай с пацаном» Лобана і «Акупацыя. Містэрыі» Кудзіненкі. Былі працы нікому тут не вядомых Лобача, Каласоўскага і Асмялоўскага. Былі дакументалкі Куцілы, Аслюка і Адамовіч. Карацей, было амаль усё, вартае ўвагі.

Гэтаю восенню Bulbamovie будзе ўжо фэстам актуальнага белкіно. У нас будуць узнагароды (залатая, срэбраная і бронзавая бульбіны) і адпаведныя грашовыя прэміі (2500, 1500 і 1000 злотых).
Сёлета Bulbamovie — гэта адкрыты конкурс, на якім мы чакаем пабачыць маладое і дзёрзкае кіно з Беларусі.

Якія фільмы трапяць на фэст?

Для нас сёлетні Bulbamovie — гэта эксперымент. Мы самі яшчэ цалкам не разумеем, што на ім будзе паказвацца. Для нас не мае значэння, мастацкая стужка ці дакументальная, ідзе яна 2 гадзіны ці 10 хвілін.

Несумненна, Bulbamovie разлічаны не на Галіну Адамовіч і Віктара Аслюка, а на тых, хто цяпер толькі пачынае рухацца.
Хоць ніякіх абмежаванняў ва ўзросце ўдзельнікаў няма. Адзінае, што фільмы павінны быць зробленыя ў апошнія пяць гадоў. Асабіста я хацеў бы пабачыць нешта кшталту «Случая с пацаном-2».

Каго цікавіць белкіно ў Польшчы?

Пра беларускае кіно ў Польшчы ніхто нічога не ведае. Падчас першага Bulbamovie я арганізоўваў дыскусійныя панэлі. Польскія кінакрытыкі і журналісты баяліся на іх прыходзіць, бо для іх сучаснае белкіно — сапраўдная terra incognita.

Усё, што не датычыць Лукашэнкі, дыктатуры і апазіцыі, у медыйным польскім кантэксце не існуе. З гэтай прычыны я баяўся, што Bulbamovie зацікавіць толькі варшаўскіх беларусаў.
Але за 2,5 дні першага фэсту на яго прыйшлі 1,5 тысячы чалавек, большасць з якіх — палякі. Пра нас напісалі амаль усе буйныя СМІ, якія былі ўражаныя тым, што ёсць і такое беларускае кіно.

Я бачу, што цікавасць палякаў да беларускіх падзей падае. Бо ў СМІ ўжо шмат гадоў інфармацыя абмяжоўваецца крызісамі, апазіцыяй і дзейнасцю Лукашэнкі. Таму цяпер людзі хочуць пабачыць, што ж у Беларусі ёсць акрамя гэтага.

Ці існуе беларускае кіно ў агульнаеўрапейскім кантэксце?

Шчыра кажучы, не існуе. Але цяпер ёсць надзея, нейкія штуршкі, якія сведчаць пра тое, што сітуацыя пачынае змяняцца. Сёлета знятыя «У тумане» Лазніцы і Viva Bel@rus. Гэта небеларускае кіно пра Беларусь, якое, на маю думку, перш за ўсё павінна падштурхнуць маладых беларусаў пачаць здымаць фільмы на радзіме.

Бо я веру, што для моладзі найлепшая тактыка — падарожнічаць па свеце, знаёміцца з найлепшым і найлепшымі, а потым выкарыстоўваць сусветны досвед у беларускіх рэаліях.
Падставаў для суму няма. Вось румынскага кіно калісьці таксама не існавала, а потым з’явілася румынская «новая хваля» — і ўсе афігелі.

Як патрапіць на Bulbamovie?

Запоўніць анкету на сайце і даслаць DVD са сваім фільмам на адрас STOWARZYSZENIE MY, ul. Szymanowskiego 7 lok. 98, 03–477 Warszawa, Poland. Тэрмін — да 15 верасня 2012 года.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?