Палітолягі любяць разважаць пра пункты біфуркацыі — моманты, калі гісторыя магла пайсьці па-іншаму. Ці былі такія шанцы ў постсавецкай Беларусі?

Вядома, гісторыя не цярпіць умоўнага ладу. І ўсё ж... Прачытайце вось гэты тэкст.

ПРЭЗІДЭНТ БЕЛАРУСI ВЯРНУЎСЯ З ФРАНЦЫI З НАМЕРАМ ПРАВЕСЦI РЭФЕРЭНДУМ ДЛЯ ЗАПАЗЫЧАННЯ "У ФРАНЦУЗСКАЙ ДЭМАКРАТЫI МНОГАГА"

13 лiпеня завяршыўся вiзiт у Францыю прэзiдэнта Беларусi Аляксандра Лукашэнкi.

Пасля прызямлення самалёта з афiцыйнай беларускай дэлегацыяй у аэрапорце "Мiнск-2" А.Лукашэнка ў гутарцы з журналiстамi заявiў, што застаўся задаволены вiзiтам. Па яго словах, у Францыi былi падпiсаныя пяць пагадненняў, на падставе якiх мiльёны долараў будуць iнвеставаныя ў беларускую эканомiку, у тым лiку ў вытворчае аб'яднанне "БелВАР". Апрача таго, паведамiў кiраўнiк дзяржавы, на стадыi прапрацоўкi — адкрыццё французскай крэдытнай лiнii на суму 200-300 мiльёнаў долараў ЗША пад рэалiзацыю праектаў французскiх кампанiй у Беларусi. (...) Калi згаданы праект ажыццявiцца, адзначыў А.Лукашэнка, "гэта будзе прарыў на восi Масква — Мiнск — Парыж".

Прэзiдэнт зноў заявiў аб магчымасцi правядзення ўсебеларускага рэферэндуму па змяненнi Канстытуцыi рэспублiкi. "Думаю, — падкрэслiў ён з гэтай нагоды, — мы шмат што запазычым у французскай дэмакратыi".

Гэта не фантастыка, а нататка БелаПАН. Застаецца паведаміць год: 1996-ы.

Але з набыткаў францускай дэмакратыі ў нас тады сталі піярыць адно што сямігадовы прэзыдэнцкі тэрмін. Праўда, закладаць такую кадэнцыю ў беларускую канстытуцыю у выніку ўсё ж не наважыліся. Неўзабаве, дарэчы, і французы ў сябе скарацілі гэны тэрмін да пяці гадоў.

Зрэшты, галоўнае ж не ў кадэнцыях, а ў мэханізмах забесьпячэньня ўлады. Празь нейкі час у Беларусі будзе запушчана жалезная машына "элегантных перамог".

Менавіта рэфэрэндум-96, канчаткова зламаўшы балянс між галінамі ўлады, стане шокам для Захаду і пакладзе пачатак халоднай вайне. Пагадненьне з Эўразьвязам (дарэчы, падпісанае ў Брусэлі Лукашэнкам!) ператворыцца ў нікчэмную паперку. Запрашэньні зьменяцца візавымі табу.

А тады, на пачатку прэзыдэнцкай эры, Стары Сьвет па інэрцыі яшчэ разглядаў Беларусь як юную пэрспэктыўную дэмакратыю, вітаў афіцыйнага лідэра ў сваіх сталіцах ды гатовы быў разьліцца тут інвэстыцыйным дажджом. І натхнёны малады прэзыдэнт, бачыце, амбіцыйна казаў пра вось Масква — Менск — Парыж.

Празь нейкі час мысьлярам з дыпляматычнага ведамства хоцькі-няхоцькі давядзецца замест восі прыдумляць "вялікую дугу вонкавай палітыкі", якая крыва абыходзіць эўрапейскія сталіцы. А прапаганда стане даводзіць, што гнілы Захад зьненавідзеў Беларусь за самастойны курс ды інтэграцыю з Расеяй.

Факт тое, што брама ў супольнасьць Старога Сьвету зачынілася надоўга.

А шараговая нататка БелаПАН празь дзесяцігодзьдзе стала гістарычным дакумэнтам. Некалькіх радкоў старой хронікі дастаткова, каб пранізьліва адчуць, якія пэрспэктывы змарнаваныя.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?