Дыскусійны клуб, прысвечаны тэме ўплыву грамадскасці на вырашэнне пытанняў экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, 23 ліпеня ладзіць Гродзенскае грамадскае аб’яднанне «Цэнтр “Трэці сектар».
Якую спадчыну мы пакінем сваім нашчадкам, якім паветрам будуць дыхаць нашыя дзеці і ўнукі, якую ваду піць? Ці нясуць жыхары нашага горада адказнасць за брудныя лясы і берагі вадаёмаў? Ровар – сродак для адпачынку ці экалагічны від транспарту? Як без забойстваў ачысціць вуліцы ад бадзялых жывёл? Ці гатовыя ўлады прыслухоўвацца да прапановаў, парадаў і меркаванняў гарадзенцаў? Ці існуюць эфектыўныя механізмы ўплыву на вырашэнне экалагічных праблем?
Пра гэта пойдзе гаворка пад час дыскусійнай пляцоўкі.
Арганізатары таксама прапануюць абмеркаваць паспяховыя прыклады міжнароднага і беларускага досведу ўплыву грамадскасці на вырашэнне экалагічных праблем.
Эксперты: Ірына Сухій – старшыня Рады грамадскага аб’яднання «Экадом», Мінск; Яраслаў Бекіш – каардынатар 3 групы Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, удзельнік таварыства Зялёная Сетка і сябра грамадскага аб’яднання «Чыстая вада», Мінск.
Мадэратары дыскусіі Лана Руднік, Вітаўт Руднік (ГА «Цэнтр “Трэці сектар», г. Гродна).
Да ўдзелу запрашаюцца журналісты мясцовых і рэгіянальных СМІ, прадстаўнікі дзяржаўных і грамадскіх экалагічных арганізацый і ініцыятываў, а таксама ўсе, каго цікавяць пытанні аховы навакольнага асяроддзя ў горадзе.
Ахвотных прыняць удзел у дыскусіі просім тэлефанаваць па тэл. 8(029) 7830-845. Пачатак у 18 гадзін.