Дом у Горках, у якім у 1926—1928 гадах жыў класік беларускай літаратуры Максім Гарэцкі, падлягае зносу. Пра гэта заявіў намеснік старшыні Горацкага райвыканкама Уладзімір Пятровіч.

Ён адзначыў, што ў Горках шмат звязана з імем Максіма Гарэцкага.

"У нас вуліца Гарэцкага ёсць, шмат чаго ў Беларускай сельгасакадэміі названа імем Гарэцкага. І спадчына Гарэцкага адсочваецца тымі людзьмі, якім гэта падабаецца: хтосьці любіць Пушкіна, хтосьці — Гарэцкага", — сказаў чыноўнік.

Паводле яго слоў, дом па вуліцы Агранамічнай, 3, дзе жыў пісьменнік, сёння не мае таго выгляду, які быў пры яго жыцці. "Быў драўляны будынак, часткова згнілі бярвёны, абкладзены цэглай. Будынак цалкам змяніў свой выгляд і структуру. Людзі там жывуць з усімі нязручнасцямі, але заслужылі, каб жыць па-чалавечы ў XXI стагоддзі", — заявіў Пятровіч.

Намеснік старшыні райвыканкама нагадаў, што адносна гэтага будынка было шмат дэбатаў.

"Але ў канчатковым выніку прынялі рашэнне, што яго трэба проста знесці, каб не ствараць нейкіх неспрыяльных умоў тым, хто там жыве", —
сказаў чыноўнік.

Нагадаем, у пачатку гэтага года група грамадскіх актывістаў з Горак, Мінска і Віцебска пачала збор подпісаў з патрабаваннем захаваць "дом Гарэцкага".

Аднак у канцы чэрвеня навукова-метадычны савет пры Міністэрстве культуры прыняў рашэнне не надаваць будынку статус гісторка-культурнай каштоўнасці.

Старшыня Беларускага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч апратэставаў гэтае рашэнне. Паводле яго слоў,

калі "дом Гарэцкага" знясуць без разгляду ліста, гэта будзе "найгрубейшае парушэнне заканадаўства па ахове спадчыны, знішчэнне аб'екта, які ў перспектыве можа стаць гісторыка-культурнай каштоўнасцю, а гэта — арт. 344 Крымінальнага кодэкса".
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?