Аляксандар Лукашэнка зьвярнуўся з традыцыйным віншаваньнем з "днём яднаньня Беларусі й Расеі 2 красавіка".

"Дарагія суайчыннікі-беларусы і браты-расіяне!

2 красавіка 1996 года, Дзень падпісання Дагавора аб беларуска-расійскім Супольніцтве, па праву пазначаны ў календары як агульнае свята нашых народаў і стаў для абедзвюх дзяржаў пунктам адліку новага шляху.

У гэтыя гады адносіны паміж Рэспублікай Беларусь і Расійскай Федэрацыяй дынамічна развіваліся па ўсіх напрамках. Аб'ём узаемнага гандлю павялічыўся ў чатыры разы і дасягнуў амаль 20 млрд. долараў. Павысілася эфектыўнасць рэалізацыі сумесных праграм, накіраваных на вырашэнне сацыяльна-эканамічных задач, паглыбленне вытворчай кааперацыі. Распрацаваны і ажыццяўляецца механізм узаемнай абароны і падтрымкі інтарэсаў нашых краін на міжнароднай арэне, захавана і шматразова ўзмоцнена адзіная абаронная прастора, актыўна развіваецца ўзаемадзеянне ў праваахоўнай сферы.

Паслядоўнасць стратэгічнага партнёрства Беларусі і Расіі адпавядае гістарычнаму выбару двух брацкіх народаў і садзейнічае дасягненню галоўнай мэты яднання - павышэнню ўзроўню іх жыцця. Адбыліся сур'ёзныя зрухі ў забеспячэнні роўных правоў грамадзян абедзвюх краін. Пашыраецца гуманітарны абмен, больш сардэчнымі становяцца штодзённыя зносіны беларусаў і расіян.

Усім нам відавочна: аб'ектыўная неабходнасць збліжэння Беларусі і Расіі з гадамі становіцца ўсё больш адчувальнай. Сумесныя крокі ў будучыню патрабуюць ад іх кіраўнікоў дакладных, скаардынаваных дзеянняў, настойлівага пошуку аптымальных варыянтаў уліку нацыянальных інтарэсаў на аснове раўнапраўя і захавання дзвюх дзяржаў.

Мы не маем права зніжаць тэмпы фарміравання адзінай эканамічнай прасторы, мытнага саюза, свабоднага рынку працы, агульнага інфармацыйнага, адукацыйнага і культурнага асяроддзя. Толькі вывераныя, узгодненыя, узаемавыгадныя рашэнні адкрыюць новыя рэальныя магчымасці для ўздыму нацыянальных эканомік, адраджэння палітычнай магутнасці, стварэння дастойнай будучыні нашым нашчадкам.

Дарагія сябры!

Сардэчна віншую вас з гэтым светлым святам - Днём яднання народаў Беларусі і Расіі.

Моцнага вам здароўя, шчасця, міру і дабрабыту.

Старшыня Вышэйшага Дзяржаўнага Савета

Саюзнай дзяржавы, Прэзідэнт

Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0