Cістэма нацыянальнай бяспекі Беларусі павінна гарантаваць адэкватнае і аператыўнае рэагаванне на любыя выклікі і пагрозы. Аб гэтым заявіў 26 ліпеня Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб стане работы па прывядзенні Узброеных Сіл і Дзяржпагранкамітэта Беларусі ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі.

Лукашэнка нагадаў, што ў пачатку года была дамоўленасць на працягу прыкладна паўгода разгледзець пытанні рэфармавання і прывядзення сіл гарантавання нацыянальнай бяспекі ў адпаведнасць з сучаснымі патрабаваннямі.
Ён дадаў, што ў хуткім часе плануецца разгледзець таксама пытанні ўдасканалення структуры органаў пракуратуры і іх узаемадзеяння са Следчым камітэтам, рыхтуюцца канкрэтныя прапановы па рэфармаванню сістэмы органаў унутраных спраў, выпрацоўваюцца шляхі далейшага ўдасканалення дзейнасці іншых сілавых органаў і структур.
У цэнтры ўвагі цяперашняй нарады былі пытанні гарантавання ваеннай і пагранічнай бяспекі.

Тое, што мы ўдзяляем вялікую ўвагу гэтай рабоце, абумоўлена перш за ўсё міжнароднай абстаноўкай. Мы жывём у вядомы час. З’яўленне новых геапалітычных выклікаў, эканамічных і палітычных пагроз бяспецы сталі характэрнымі рысамі сучаснага свету. Ва ўмовах глабалізацыі любыя негатыўныя тэндэнцыі распаўсюджваюцца вельмі хутка, нягледзячы на геаграфічныя межы», — сказаў ён.

На думку кіраўніка дзяржавы, прыкладаў таго дастаткова — гэта сітуацыя на Блізкім Усходзе, у Сірыі, націск на Іран і іншыя.

«На змену традыцыйным спосабам вядзення вайны прыходзяць спецыяльныя, у тым ліку інфармацыйна-псіхалагічныя, аперацыі і падрыўныя акцыі. У іх усё часцей задзейнічаны добра падрыхтаваныя групы экстрэмісцкай накіраванасці. Пад патранажам шматлікіх арганізацый, фармальна дзеючых пад флагам распаўсюджвання дэмакратыі, вырошчваюцца, кансалідуюцца і накіроўваюцца ў патрэбнае замежным гаспадарам рэчышча ўнутраныя дэструктыўныя сілы», — адзначыў Лукашэнка.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія рэаліі вымушаюць кіраўніцтва Беларусі больш пільна сачыць за станам сістэмы гарантавання нацыянальнай бяспекі і аператыўна прымаць рашэнні па ключавых пытаннях.

«Гэта асабліва важна ў перыяд правядзення палітычных кампаній, калі найбольш актывізуюцца знешнія і ўнутраныя нядобразычліўцы, мякка кажучы», — лічыць Прэзідэнт.

«Восенню нам трэба будзе правесці чарговыя парламенцкія выбары.
Гэта якраз той момант, калі адбываецца актывізацыя як за межамі краіны, так і ўнутры тых, хто страшна ненавідзіць нашу Беларусь і каму не падабаецца існуючы стан спраў. Задача ўсіх тут прысутных забяспечыць магчымасць свабоднага волевыяўлення грамадзян у спакойнай абстаноўцы і ў строгай адпаведнасці з беларускімі законамі», — сказаў ён.
Лукашэнка запатрабаваў ад міністра абароны далажыць аб бягучым стане спраў беларускай арміі.
«Неабходна даць прынцыповую ацэнку, наколькі яе аблічча адпавядае патрабаванням сучаснасці, якія існуюць праблемныя пытанні ў яе мадэрнізацыі і развіцці, якія шляхі іх вырашэння найбольш мэтазгодны ў кантэксце нашых эканамічных магчымасцей», — сказаў Лукашэнка. Ён таксама пацікавіўся, як выконваюцца яго даручэнні, дадзеныя пры зацвярджэнні рашэння на забеспячэнне дзяржаўнай пагранічнай палітыкі і гарантаванне памежнай бяспекі краіны на гэты год, ці ўсё робіцца ў тэрмін, з належнай актыўнасцю і ініцыятывай.

«Канкрэтна быў дадзены шэраг даручэнняў, каб мы пільна паглядзелі на ўжо рэфармаваную некалькі гадоў таму беларускую армію, таму што сітуацыя, мы гэта бачым і па арабскай вясне, і па Сірыі, сёння імгненна змяняецца, і армія павінна быць прыстасавана да гэтай сітуацыі, калі не дай бог што здарыцца», — адзначыў Лукашэнка.

Як падкрэсліў Лукашэнка, сённяшняя сітуацыя не надзвычайная, аднак ёсць некаторыя насцярожваючыя моманты: «Адзначаны рост злачыннасці, у тым ліку карупцыйнай, у тым жа пагранічным ведамстве, што недапушчальна».
«Як растлумачыць правакацыю з лёгкаматорным самалётам, які не толькі перасёк граніцу, але і беспакарана праляцеў на тэрыторыю Беларусі? Гэта ж у першую чаргу — бяспека нашых грамадзян.
Гэты самалёт быў своечасова выяўлены. Але чаму начальнікі не спынілі яго палёт? Каго шкадавалі? Гэта галавацяпства канкрэтных выканаўцаў або памылкі ў самой сістэме аховы дзяржаўнай граніцы ў паветранай прасторы? Я хацеў бы пачуць адказы на гэтыя пытанні», — сказаў ён.

«Пры гэтым хачу сумленна і адкрыта сказаць тым, хто вельмі цікавіцца гэтым пытаннем і прысутным тут: вінаватыя ў гэтым павінны адказваць, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — З прыняццем рашэнняў, як бачыце, я не спяшаўся па вашай просьбе. Вы хацелі гэты выпадак дасканала расследаваць. На сённяшні дзень, як я бачу, ён расследаваны, і вінаватыя за гэта павінны панесці адказнасць. Мною будзе прынята рашэнне пасля гэтай нарады, у тым ліку і кадравыя рашэнні».

«Вынікам комплексу прымаемых мер павінна стаць паслядоўнае ўмацаванне сістэмы нацыянальнай бяспекі і забеспячэнне адэкватнага аператыўнага рэагавання на любыя выклікі і пагрозы, адкуль бы яны ні ішлі», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнікі Міністэрства абароны і Дзяржаўнага пагранічнага камітэта праінфармавалі Лукашэнку аб прывядзенні Узброеных Сіл і падраздзяленняў пагранведамства ў стан, адпаведны сучаснай абстаноўцы.

Па выніках нарады вызначаны канкрэтныя меры па эфектыўным гарантаванні нацыянальнай бяспекі Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?