У аўторак 14 сакавіка ў Мсьціслаўскім раёне быў затрыманы наклад газэты “Советская Белоруссия”. 65 тыс. асобнікаў на васьмі бачынах аддрукаваныя ў смаленскай тыпаграфіі Міхайлава. У машыне, якая перавозіла газэту, знаходзіўся намесьнік старшыні Партыі БНФ Алесь Міхалевіч. Гэта не абсурд — гэта была спроба палітычнага пэрформансу.

Вонкава газэта не адрозьнівалася ад арыгіналу. Тыя ж шрыфты, фарбы, калянтытулы, вёрстка, нават прозьвішчы журналістаў, што працуюць у рэдакцыі, выходныя зьвесткі — заснавальнікі Адміністрацыя прэзыдэнта і рэдакцыйная рада. Але на першай старонцы зьмяшчалася фота дзейнага кіраўніка дзяржавы з загалоўкам “19 сакавіка — выбары прэзыдэнта Беларусі А.Р.Лукашэнкі”. Астатнія матэрыялы мелі наступныя загалоўкі: “Прэзыдэнт Беларусі — нашчадак расейскіх цароў”, “Народная манархія” “Аргумэнты за і супраць царызму ў Беларусі”, “Самы чалавечны чалавек”.

Алесь Міхалевіч заявіў, што Партыя БНФ ніякага дачыненьня ня мае выпуску да фальшывага нумару, гэта праект грамадзкай ініцыятывы “Хопіць”.

Галоўны рэдактар “СБ” Павал Якубовіч наступным чынам пракамэнтаваў правакацыю для агенцтва БелТА: “Гэта даволі дарагая задумка. Калі гаворка ідзе пра 65 тыс. асобнікаў каляровай газэты, то гэта 150 тыс. даляраў. Грамадзяне ўзялі грошы яўна не з панчохі сваёй жонкі”.

Ухапіўшыся за лічбы, агучаныя П.Якубовічам, на інтэрнэт-форумах задаюцца пытаньнем, адкуль бяруцца грошы на выданьне сапраўднай “СБ”? Са словаў рэдактара вынікае, што сабекошт аднаго 8-старонкавага нумару “СБ” складае каля 5000 рублёў, у той час як у шапіках нумар каштуе 400 руб. Улічваючы, што заяўлены наклад газэты — 500 тыс. экзэмляраў штодзённа, а перад выбарамі спэцвыпуск газэты трапіў у кожную паштовую скрынку, напрошваецца пытаньне: хто даплачвае розьніцу?

“Што тычыцца маральна-псыхалягічнага аспэкту, то, у параўнаньні з тым, што робіць “Советская Белоруссия”, — гэта супэрмаральна”, — заявіў Алесь Міхалевіч у інтэрвію БелаПАН.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?