Ініцыятыва беларускіх фанатаў папулярнага рок-гурта «Ляпіс Трубяцкі» правесці яго канцэрт у межах роднай краіны дайшла і да саміх музыкаў калектыву. Праўда, ставяцца яны да яе даволі скептычна. Нагадаем, група ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» «Стоп Лука» абвясціла аб старце кампаніі «Ляпіс - прыязджай дадому!». Актывісты змагаюцца супраць дыскрымінацыі музычнага гурта ў Беларусі.

Карэспандэнт TUT.BY датэлефанаваўся да кіраўніка Творчага аб'яднання «Дзеці сонца» (менавіта пад яго эгідай працуе «Ляпіс Трубяцкі») Яўгена Калмыкова.

- Наогул даволі дзіўна, што пра такую ініцыятыву мы даведаліся не ад саміх ініцыятараў, а са СМІ, - сказаў Яўген. - Давайце паспрабуем змадэляваць сітуацыю. Напрыклад, збяруць гэтыя хлопцы 100 тысяч ахвотных. А што далей?

А далей - адны пытанні. Як па тэхнічнай частцы, так і па арганізацыйнай. Хто яны такія? Ці ёсць у іх вопыт арганізацыі канцэртаў на адкрытым паветры для такой вялізнай аўдыторыі? Ці маецца неабходнае абсталяванне? Якое канцэртнае агенцтва будзе за гэта адказваць? Пад чыімі сцягамі гэта будзе адбывацца? Ці атрыманы дазвол на правядзенне мерапрыемства? Нарэшце, дзе менавіта плануецца яго правесці?

На ўсе гэтыя пытанні, - кажа Я.Калмыкоў, - хацелася б атрымаць адказы непасрэдна ад тых, хто вылучыў дадзеную ініцыятыву. Калі мы пераканаемся, што маем справу з прафесіяналамі, людзьмі, сапраўды здольнымі на практыцы дасягнуць дэклараванай мэты, тады ўжо можна будзе абмяркоўваць і нейкія канкрэтныя планы.

Інакш можна весці размову толькі аб нейкім віртуальным мерапрыемстве. Дарэчы,

зусім хутка, 29 жніўня, у Кактэбеле пройдзе канцэрт-прэзентацыя нашага новага альбома «Рабкор». Са свайго боку я гатовы пайсці хлопцам насустрач і тэхнічна забяспечыць яго прамую відэатрансляцыю.
Калі яны змогуць прыняць яе ў Менску і арганізавана паказаць, скажам, на вялікім экране Кастрычніцкай плошчы сталіцы або на маніторах ў менскім метро - значыць, яны сапраўды на нешта здольныя. Тады ўжо можна будзе весці размову не пра віртуальны канцэрт, а пра рэальны. Падкрэсліваю - толькі размову.
Тым часам колькасць прыхільнікаў ініцыятывы, вылучанай у адпаведнай групе сацыяльнай сеткі «Вконтакте», патроху расце. На момант гутаркі з Яўгенам Калмыковым жадаючых схадзіць на бясплатны канцэрт Ляпіса набралася (калі сумаваць адказы «дакладна пайду» і «магчыма, пайду») ужо 36.252 чалавекі.
Ці прымуць аўтары ініцыятывы прапанову Яўгена спачатку «патрэніравацца» у правядзенні масавага канцэрта на інтэрнэт-трансляцыі з украінскага Кактэбеля - пакуль не ясна. Роўна як не зразумела і тое, ці атрымаецца гэта на практыцы нават у выпадку іх згоды.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?