Адпаведны ўказ № 332 «Аб некаторых мерах па ўдасканаленні кантрольнай (нагляднай) дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь» падпісаны 26 ліпеня «ў мэтах надання кантрольнай (нагляднай) дзейнасці максімальна прафілактычнага характару і скарачэнні колькасці праверак».

Дакументам уводзіцца новая форма кантролю (нагляду) — маніторынг, які палягае ў назіранні, ацэнцы ўмоваў дзейнасці суб’ектаў з мэтамі выяўлення і прадухілення прычын і ўмоваў, якія спрыяюць здзяйсненню парушэнняў.

Пікантнасць гэтай новай формы кантролю заключаецца ў тым, што маніторынг будзе ажыццяўляцца таемна — прадпрыемствы не будуць ведаць пра яго правядзенне.

«Дадзены кантроль будзе праводзіцца без выкарыстання службовымі асобамі паўнамоцтваў, дадзеных ім для правядзення праверак, і запатрабавання дакументаў у суб’ектаў. Рашэнне аб правядзенні маніторынгу мае права прыняць толькі кіраўнік нагляднага органа або яго ўпаўнаважаны намеснік. У выпадку выяўлення падчас маніторынгу парушэнняў суб’екту будуць уручацца рэкамендацыі па іх ліквідацыі. Пры добраахвотнай ліквідацыі парушэнняў не будуць прызначацца пазапланавыя праверкі і прымяняцца меры адказнасці да суб’екта і яго службовых асобаў», — гаворыцца ў афіцыйным каментары.

Афіцыйнае тлумачэнне падпісанага ўказу фактычна на пальцах тлумачыць, як выбіваць грошы з бізнэсу для папаўнення бюджэту ў выпадках вострай неабходнасці і з карупцыйнымі мэтамі:
варыянт, А: «Мы за вамі ўжо даўно назіраем. Паводле нашых ацэнак, вы недаплацілі ў бюджэт Х рублёў. Або самі заплаціце, або…»; варыянт Б: «А вы адчайныя хлопцы. Нічога не баіцеся? Карацей з вас Х баксаў або маскі-шоў».

«Пры высвятленні парушэнняў, якія ствараюць пагрозу нацыянальнай бяспецы, прычынення шкоды жыццю і здароўю насельніцтва, навакольнага асяроддзя, наглядны орган зможа ў рэгламентаванай парадку вынесці патрабаванне (прадпісанне) аб прыпыненні (забароне) дзейнасці суб’екта», — гаворыцца ў каментары.

Дакументам, безумоўна, з мэтамі павышэння інвестыцыйнай прывабнасці краіны прыкметна ўразаюцца паўнамоцтвы наглядных органаў, якія пры праве на шпіянаж і сачэнне страчваюць сваё значэнне.

Са сферы кантрольнай дзейнасці выводзяцца мерапрыемствы тэхнічнага (тэхналагічнага, праверачнага) характару, якія ажыццяўляюцца органамі ў дачыненні да суб’ектаў, але не звязаныя з праверкамі іх дзейнасці. Канкрэтны пералік гэтых мерапрыемстваў будзе вызначаны ўрадам па ўзгадненні з Лукашэнкам. Акрамя таго, усталяваная наўпростая забарона на правядзенне планавых і пазапланавых праверак гэтых мерапрыемстваў, што дасць магчымасць скараціць колькасць праверак суб’ектаў, а таксама аптымізаваць працу па складанні каардынацыйных планаў нагляднай дзейнасці.

Змяняецца перыядычнасць прызначэння планавых праверак. Пры адсутнасці парушэнняў заканадаўства планавыя праверкі будуць праводзіцца не часцей за адзін раз на пяць гадоў незалежна ад аднясення суб’ектаў да якой-кольвек групы рызыкі.

Удасканальваецца парадак вылічэння тэрміну для прызначэння планавай праверкі. Гэты тэрмін будзе вылічацца наглядным органам з дня заканчэння папярэдняй планавай праверкі, праведзенай не толькі гэтым органам, але і вышэйшым, іх структурнымі падраздзяленнямі (тэрытарыяльнымі органамі, падпарадкаванымі арганізацыямі). У выніку выключаная магчымасць правядзення мноства праверак аднаго суб’екта ў рамках сістэмы (вертыкалі) аднаго і таго ж нагляднага органа.

Дзяржкантроль Беларусі атрымлівае права выключаць з каардынацыйных планаў нагляднай дзейнасці праверкі, якія не адпавядаюць нормам ўказу № 510.

Пры гэтым адначасова ўводзіцца абавязак наглядных органаў уносіць у базу дадзеных сістэмы кантрольнай дзейнасці ў Рэспубліцы Беларусь звесткі вынікаў праверак.

Таксама замацоўваецца дадатковая падстава для правядзення праверак у перыяд усталяванага двухгадовага мараторыю на іх правядзенне — наяўнасць інфармацыі пра ўгоды з асобамі, у дзейнасці якіх ёсць прыкметы ілжэпрадпрымальніцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?