На такім самалёціку літоўцы выпадкова заляцелі ў Беларусь.

На такім самалёціку літоўцы выпадкова заляцелі ў Беларусь.

Мапа, па якой ляцелі над Беларуссю шведы. Гэта адзін з самых пашыраных авіянавігатараў, яго можа усталяваць сабе кожны.

Мапа, па якой ляцелі над Беларуссю шведы. Гэта адзін з самых пашыраных авіянавігатараў, яго можа усталяваць сабе кожны.

«Гэты самалёт быў своечасова выяўлены. Але чаму начальнікі не спынілі гэты палёт? Каго шкадавалі?» — дакараў 26 ліпеня вайскоўцаў прэзідэнт. Сапраўды — чаму? Еўрарадыё прыгадала, што шэсць гадоў таму яны гэтаксама пашкадавалі літоўскага пілота Тадаса Блажэвічуса. Чэрвеньскім вечарам той вырашыў пакатаць сястру на лёгкім самалёціку. Вылецеў з Каўнаса, але назад на аэрадром не вярнуўся — прызямліўся на вайсковым у Лідзе, туды яго правёў беларускі штурмавік Су-25. Еўрарадыё адшукала Тадаса і спытала, як гэта было.

«Ён з’явіўся з вайсковага аэрадрома ў Лідзе. Як я зразумеў, там нейкія манеўры адбываліся. Ён трэніраваўся. Падняўся з Ліды, даляцеў да літоўскай мяжы, там павярнуў і пабачыў мяне», — расказвае Тадас пра сустрэчу з беларускім вайсковым самалётам.

Тадас лічыць, што знайшлі яго ў беларускім небе... выпадкова. Ніякіх непаразуменняў не ўзнікла. З вайсковым самалётам ён сустрэўся праз дзве (!) хвіліны пасля выпадковага перасячэння мяжы. Наш пілот не выказваў намеру збіваць парушальніка — толькі прапанаваў ляцець за ім.

«Усе яго дзеянні адпавядалі міжнародным правілам. Ён праляцеў нада мной, даў міжнародны сігнал — памахаў крыламі. Я адмахаў у адказ і паляцеў за ім. Ён мне даў знак, што перахапіў мяне. І ўсё — у мяне пытанняў больш не было. Гэта ж вайсковы самалёт — Су-25, калі не памыляюся».

Да Ліды ляцелі 10 хвілін. Там літоўца вывелі на вайсковы аэрадром, дзе ён паспяхова прызямліўся.

Далей было разбіральніцтва, пасля якога Тадаса з сястрой аштрафавалі на 4 тысячы даляраў і дэпартавалі з краіны, а яго невялічкі самалёцік канфіскавалі рашэннем суда. На допытах следчыя расказалі, што беларускія вайскоўцы доўга спрабавалі звязацца з літоўскім самалётам, але не змаглі, бо… не ведалі частотаў!

«Яны спрабавалі, але я не змог іх пачуць. І на аварыйнай частаце спрабавалі. Я потым са следчым размаўляў і даведаўся, што са мной спрабавалі звязацца яшчэ тады, калі я быў над Літвой. У мяне іншая частата была, і я іх не чуў».

У гісторыю з палётам шведскага самалёта з мядзведзікамі над Беларуссю Тадас верыць і нават пацвярджае — праляцець з Каўнаса да Мінска і назад, не сустрэўшыся з беларускімі самалётамі, цалкам магчыма. Тым больш з сучаснымі сродкамі сувязі. У 2006 у яго не было ні планшэтаў, ні GPS — ляцеў па звычайным компасе, які ў выніку і падвёў лётчыка: сапсаваўся.

Супадзенне ці не, але Блажэвічус праляцеў над мяжой амаль у тым самым месцы, што і шведы. «Калі на мапу глядзець, то з літоўскага боку ёсць такі выступ. Дык вось крыху лявей ад яго».

Праз некаторы час пасля затрымання літоўцаў на вучэннях у Расіі тагачасны міністр абароны Леанід Мальцаў хваліўся гэтым фактам перад саюзнікамі. Маўляў, беларусы адмыслова выкарысталі штурмавік, а не знішчальнік, каб не збіваць самалёт, а прымусіць сесці. Чаму гэтаксама не зрабілі са шведамі — пакуль загадка. Яны лёталі над Беларуссю не дзве хвіліны, а паўтары гадзіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?