Пад Сатурнам нараджаюцца паэты
І ў нябыт сыходзяць, як вада ў пясок.
Ты, гаротны, добра ведаеш пра гэта,
Бо жыццё тваё як на вятрах лісток
На бярозавай галінцы Беларусі,
Для якой ты на чужыне не чужы.

З Прагі, нібы з выраю, дамоў вярнуўся,
Каб любіць людзей прыгожых і дажджы,
Што ніколі не размыюць сцежак вузкіх
Да крыжоў, да курганоў, дзе чуйна спіць
Гнеў і плач, як наша вечнасць, беларускі,
За якія нельга нас не палюбіць
І сказаць, што ёсць мы тут і тут мы будзем,
Хоць народжаныя пад Сатурнам мы.

Грымне весні гром, і гром жыццё разбудзіць,
І той Слова скажа, што век жыў нямым,
І народзішся ты зноў у Беларусі,
У якой ёсць слава, веліч і свой шлях,
Над якой крыляе, як анёлак, бусел,
За якую ўмерці — гонар, а не страх.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?