Юшчанка распусьціў Вярхоўную Раду, каб дарабіць рэвалюцыю. Шанцы на посьпех 50 на 50.

Уся тэма за дзень

Вярхоўная Рада распушчаная, аднак не падпарадкоўваецца ўказу прэзыдэнта. Міністры абароны і замежных справаў, кіраўнік СБУ заявілі, што падпарадкоўваюцца толькі прэзыдэнту. Хроніка падзеяў, аналіз і першыя камэнтары.

Выступаючы ў жывым эфіры тэлебачаньня ў панядзелак увечары, прэзыдэнт Украіны Віктар Юшчанка заявіў пра роспуск Вярхоўнай Рады Ўкраіны. Датэрміновыя выбары адбудуцца 27 мая.

Юшчанка даручыў ураду краіны “забясьпечыць фінансаваньне пазачарговых выбараў у Вярхоўную раду Ўкраіны”.

Увесь панядзелак паміж прэзыдэнтам і кіраўнікамі парлямэнцкіх фракцый адбываліся кансультацыі, якія не прывялі да кампраміснага рашэньня.

Яшчэ раней Юшчанка вылучыў сем патрабаваньняў да Кабінэту Віктара Януковіча і кіруючай парлямэнцкай большасьці, сярод іх – спыненьне практыкі перацягваньня дэпутатаў з апазыцыйных фракцый.

Прэм'ер-міністар Украіны Віктар Януковіч і старшыня Вярхоўнай Рады Аляксандар Мароз назвалі ўказ прэзыдэнта неканстытуцыйным і заклікалі да яго адмены. Урадавая кааліцыя рыхтуе пратэст у Канстытуцыйны суд адносна гэтага ўказу. А Вярхоўная Рада Ўкраіны прыняла ў панядзелак увечары шэраг канфрантацыйных рашэньняў. Найперш яна аднавіла склад Цэнтральнай выбарчай камісіи, які дзейнічаў у часе выбараў 2004 году і нёс адказнасьць за іх фальшаваньне. У прыватнасьці, старшынём ЦВК зноў стаў дэпутат ад партыі Януковіча Сяргей Ківалаў.

Таксама Рада забараніла ўраду выконваць указ прэзыдэнта і фінансаваць новыя выбары.

Аднак у Рады і Януковіча не было рычагоў уплыву на сытуацыю, бо сілавыя структуры, падобна, стаяць на баку прэзыдэнта Юшчанкі.

* * *

Сілавікі на баку Юшчанкі

Міністар абароны Ўкраіны Аляксандар Грыцэнка першым заявіў, што войска падпарадкоўваецца прэзыдэнту Юшчанку, будзе выконваць ягоныя загады і, у выпадку патрэбы, не дапусьціць дэстабілізацыі сытуацыі ў краіне.

Пасьля кансультацый прэзыдэнта Юшчанкі зь сілавікамі зранку ў аўторак і в.а. кіраўніка Службы бясьпекі Ўкраіны Валянцін Налівайчанка адкрыта ўстаў на баку прэзыдэнта ў ягоным канфлікце з урадам і Вярхоўнай Радай.

Ён заявіў, што СБУ не дапусьціць ніякіх зьменаў у працы ЦВК, намякаючы на рашэньне Вярхоўнай Рады пра аднаўленьне даюшчанкаўскага складу Цэнтравыбаркаму. Налівайчанка таксама зазначыў, што СБУ прадпрымае захады, якія не дадуць перашкодзіць свабоднаму волевыяўленьню грамадзянаў у часе пазачарговых выбараў 27 траўня.

Адначасова міністар унутраных справаў Украіны, прыналежны да ўрадавай кааліцыі, заявіў, што МУС будзе захоўваць стрыманасьць. А міністар абароны Ўкраіны, "як грамадзянін", заклікаў Януковіча «прыняць выклік» і рыхтавацца да выбараў.

Гэта азначае, што сілавыя структуры Ўкраіны, найперш спэцслужбы, працягваюць зь недаверам ставіцца да Януковіча і блізкіх да прэм’ера палітычных сілаў. Менавіта пазыцыя СБУ была ў 2004 годзе вызначальнай для зыходу Аранжавай рэвалюцыі. Тады СБУ не дапусьціла ўжыцьця ўнутранымі войскамі сілы супраць дэманстрантаў. Януковіча многія разглядаюць як палітыка, дагэтуль зьвязанага з Расеяй.

У аўторак уранку ўказ прэзыдэнта Юшчанкі быў апублікаваны ў прэзыдэнцкім весьніку, што, згодна з украінскім заканадаўствам, азначае ягонае ўступленьне ў сілу. Спадзяваньні прэм'ера Януковіча, што прэзыдэнт адкладзе публікацыю ўказу, не апраўдаліся. Тым часам весьнікі ўраду і парлямэнту ўказ праігнаравалі.

Перад Вярхоўнай Радай і на Майдане Незалежнасьці сабраліся некалькі тысячаў прыхільнікаў Януковіча. Паводле інфармацыі ўкраінскіх СМІ, з усходу Ўкраіны ў сталіцы сьцягваюцца прыхільнікі ўраду, а з Захаду — прэзыдэнта і апазыцыі.

* * *

Кіраўнік ураду Віктар Януковіч заклікаў дачакацца рашэньня Канстытуцыйнага суду.

Ён прыгразіў, што палітычны крызіс можа скончыцца датэрміновымі выбарамі ня толькі ў Раду, але і прэзыдэнта.

Выступаючы на ранішнім паседжаньні Рады, украінскі прэм’ер Віктар Януковіч заявіў, што ўказ пра роспуск мае на мэце ўзурпацыю ўлады.

У цэлым выступ быў вытрыманы ў прымірэнчым тоне. Януковіч заявіў пра неабходнасьць дачакацца рашэньня Канстытуцыйнага суду. Таксама Януковіч заявіў, што беспадстаўны роспуск парлямэнту можа пакласьці пачатак адыходу Ўкраіны ад дэмакратыі. На думку Януковіча, гаворка ідзе пра жаданьне падарваць давер да заканадаўчай улады як такой. Перавыбары могуць ператварыцца ў пэрманэнтны працэс, і ў выніку прэзыдэнт паставіць пытаньне аб пашырэньні ўлады прэзыдэнта і ператварэньні яе ў аўтарытарную.

Януковіч не прапанаваў ніводнага радыкальнага кроку. Адзіным ягоным адказам быў заклік да Рады працягваць працу, нягледзячы на ўказ прэзыдэнта пра роспуск, аж да рашэньня Канстытуцыйнага суду, які «выправіць гэтую памылку».

* * *

Грамадзянская партыя «Пара» і Народная самааброна заявілі, што бяруць пад сваю ахову будынкі, датычна якіх могуць быць учыненыя неправамерныя дзеяньні.

"Пора" абвяшчае поўную мабілізацыя ўсіх сябраў партыі ды прыхільнікаў для абароны ўкраінскай дзяржаўнасьці», — гаворыцца ў звароце.

* * *

Другое дыханьне Юшчанкі

У мінулую суботу ўкраінская апазыцыя вывела ў суботу на Майдан Незалежнасьці 40 тысяч чалавек, каб запатрабаваць роспуску Вярхоўнай Рады і адстаўкі ўраду Януковіча.

Адначасова на суседняй Эўрапейскай плошчы сабраліся каля 20 тысяч прыхільнікаў Януковіча.

Кожны з бакоў вінаваціць сваіх апанэнтаў у падрыхтоўцы дзяржаўнага перавароту. На думку “аранжавых”, урад ажыцьцяўляе паўзучы дзяржаўны пераварот, які прывядзе да згортваньня дэмакратыі. “Сіне-чырвоная” ўрадавая кааліцыя пэўная, што законных падставаў для роспуску Вярхоўнай Рады няма.

Юшчанка на мітынгах не зьявіўся. Менавіта яму былі адрасаваныя патрабаваньні, агучаныя на Майдане: неадкладна распусьціць парлямэнт. На Эўрапейскай плошчы яго заклікалі не рабіць гэтага.

Сам Юшчанка ўзяў паўзу да панядзелка і працягваў кансультацыі.

Вярхоўную раду кантралюе сіня-чырвоная кааліцыя. Яна называецца Форум нацыянальнага адзінства і складаецца з Партыі рэгіёнаў прэм’ера Януковіча, Сацыялістычнай партыі сьпікера Рады Мароза і камуністаў.

Апазыцыю ім складаюць “Наша Ўкраіна” прэзыдэнта Юшчанкі, Блёк Юліі Цімашэнкі і стракатая пазапарлямэнцкая супольнасьць няўрадавых арганізацый.

Нагодаю для пратэстаў гэтым разам сталі выпадкі перакупкі дэпутатаў апазыцыі. “Аранжавыя” бачылі за гэтым жаданьне дабіцца канстытуцыйнай большасьці і поўнага кантролю над уладай. Яны не выключалі, што наступным этапам можа стаць імпічмэнт прэзыдэнта.

Раней, у парушэньне канстытуцыйных дамоўленасьць, сіня-чырвоная кааліцыя блякавала кандыдатуры на пасады міністраў замежных і ўнутраных справаў і кіраўнікоў абласных адміністрацый, прапанаваць якіх — канстытуцыйная прэрагатыва прэзыдэнта.

Юшчанка патрабаваў ад Канстытуцыйнага суду прыняцьця, а ад урадавай кааліцыі прызнаньня так званага “імпэратыўнага мандату”, які б абмяжоўжаў для дэпутатаў магчымасьць пакідаць фракцыю, па партыйным сьпісе якой яны былі абраныя.

Праціўнікі Януковіча хочуць скарыстаць сытуацыю, каб спыніць аднаўленьне звычаяў эпохі кучмізму, якое адбывалася цягам апошняга году.

Юшчанка мог распусьціць Вярхоўную Раду або працягнуць складанае суіснаваньне з урадам Януковіча.

Юрыдычныя падставы для роспуску былі хісткія, таму ў стане Януковіча называюць роспуск “дзяржаўным пераваротам”.

Паводле ацэнак сацыёлягаў, у выпадку датэрміновых выбараў “аранжавыя” і “сіня-чырвоныя” атрымаюць прыкладна такую ж колькасьць галасоў, як і на выбарах 2006 году і як Юшчанка ў першым туры ў 2004 годзе — каля 40%. На такую ж колькасьць галасоў могуць разьлічваць разам рэгіяналы й камуністы. Аднак колькасьць дэпутацкіх манадатаў прыхільнікаў Юшчанкі й Цімашэнкі можа вырасьці. Рэч у тым, што мінулым разам частка галасоў памаранчавых расьцерушыліся між дробнымі партыямі, якія не адолелі 3%-га выбарчага бар’еру.

Цяпер жа, як паказваюць апытаньні грамадзкае думкі, Сацыялістычная партыя можа не прайсьці ў Раду, што карэнна зьменіць расклад сілаў.

У выпадку датэрміновых выбараў могуць узмацніцца пазыцыі папулістаў Юліі Цімашэнкі, а партыя прэзыдэнта “Наша Ўкраіна” частку цяперашніх мандатаў. Тым ня менш, зьезд “Нашай Украіны” ў суботу заклікаў прэзыдэнта распусьціць Раду.

Сёньня амаль усе ўкраінскія палітычныя сілы выражаюць інтарэсы розных фінансава-прамысловых груповак. Спробы стварыць “партыі грамадзянскае супольнасьці”, якія б не грунтаваліся на алігархічных грашах, посьпеху пакуль ня мелі. Партыя “Пара”, сфармаваная на базе аднайменнага студэнцкага руху, ня здолела адолець выбарчы бар’ер.

Урадавая кааліцыя была разнародная. Камуністы застаюцца цьвердалобымі саветчыкамі і маюць падтрымку на ўзроўні ўсяго 3—4% насельніцтва. “Рэгіяналы” і сацыялісты на практыцы не замахваюцца на дзяржаўнасьць украінскай мовы і эўрапейскі курс. Партыя рэгіёнаў абапіраецца на ўсходнія вобласьці, перадусім Данбас, за яе галасуюць расейскамоўныя выбарцы. Сацыялісты зьбіраюць галасы сялянаў, але па сьпісах гэтай партыі з гучнай назвай праходзіць нямала капіталістаў.

Цімашэнка і Юшчанка арыентуюцца на выбарцаў Захаду і Цэнтру Ўкраіны, украінафілаў і прыхільнікаў заходняга выбару.

Украінскі палітыкум розьніцца ад беларускага, з аднаго боку, паблажлівым стаўленьнем да карупцыі, але зь іншага, культурай кампрамісу. Украіна нагадвае пасьляваенную Італію. Там урадавая чахарда і нават карупцыя не заміналі эканоміцы й культуры дынамічна разьвівацца.

Украінскай дэмакратыі ад праўдзівай дэмакратыі яшчэ далёка. Перакупка дэпутатаў ці выкарыстаньне вулічных мэтадаў ціску застаюцца звычайнай зьявай.

Хоць палітыкі і заяўлялі ў суботу аб тым, што мабілізавалі на сваю падтрымку сотню тысяч выбарцаў, украінскае грамадзтва застаецца пераважна пасіўным. Вайна ідзе ў вярхах.

У сытуацыі грамадзянскай пасіўнасьці вынік процістаяньня будзе залежаць ад пазыцыі сілавікоў і фінансавых магнатаў. Стабілізуючую ролю несумненна будзе мець імкненьне абодвух бакоў да пашырэньня супрацоўніцтва з ЗША і Эўрасаюзам. ЗША ўжо заклікалі ўкраінскія палітычныя сіыл да стрыманасьці. У панядзелак адбыліся сустрэчы паслоў ЗША і Эўрасаюзу з прадстаўнікамі абодвух бакоў.

* * *

«Дарабіць недаробленае два гады таму»

Адказны рэдактар украінскага інтэлектуальнага часопісу «Крытыка» Андрэй Макравусаў тлумачыць для «Нашай Нівы» сёньняшнюю сытуацыю ва Ўкраіне:

«У мяне ад усяго, што адбываецца ў Кіеве, застаецца досыць дваістае ўражаньне, хоць і знаходжуся ў цэнтры ўсіх падзеяў. Калі ў суботу, я са сваімі сябрамі, ішоў на Майдан, то на душы ў мяне быў найчарнейшы скепсіс. Але ўбачанае там пераўзышло мае чаканьні. Я перакананы, што можна па?ранейшаму спадзявацца на грамадзянскую адказнасьць. Людзі, што выйшлі на Майдан, поўныя рашучасьці дарабіць тое, што не атрымалася зрабіць да канца два з паловай гады таму. Выявілася, што перамога Памаранчавай рэвалюцыі не прынесла ва Ўкраіну дэмакратыю, а стварыла толькі яе ілюзорнасьць. Надзея, што цяпер нешта сапраўды зьменіцца сапраўды ёсьць.

Роспуск Рады залежаў ад волі, рашучасьці, упартасьці толькі аднаго чалавека. Найважней сёньня, каб гэтыя працэсы не былі зацягнутыя. Роспуск парлямэнта мае шмат прававых нюансаў, але я ўпэўнены, калі Юшчанка наважацца на гэта, то будзе мець істотную падтрымку грамадзтва.

Варыянт імпічмэнту Юшчанкі пакуль не выглядае надта праўдападобным.

Наўрад ці гэты палітычны крызыс можа неяк бліжэйшым часам істотна адбіцца на ўкраінскай эканоміцы. Тут хутчэй пытаньне ці зможа Ўкраіна адмовіцца ў эканамічнай сфэры ад кучмаўскіх традыцыі. Ці адбудзецца пераход з кланава?дзяржаўнай эканомікі на рынкавую. Таму гэта пытаньне доўгатэрміновай пэрспэктывы.

Прыкра, што вырашальным чыньнікам у разьвязаньні крызысу ня ёсьць пратэст зьнізу. Грамадзтва ня хоча дазваляць сабой маніпуляваць і гэта нармальны эўрапейскі працэс. Аднак вырашальнай зьяўляецца пагроза кіраўнікам палітычнага лягеру. Пытаньне цяпер стаіць рубам, ці верх возьме дэмакратыя, ці рэваншысцкія памкненьні пэўных палітыкаў. Урэшце, я веру ў пазытыўную разьвязку цяперашніх украінскіх падзеяў».

* * *

Мікола Рабчук: «Усё можа быць перайграна яшчэ 10 разоў»

Украінскі аналітык Мікола Рабчук наступным чынам пракамэнтаваў палітычныя падзеі ва Ўкраіне: «Я не чакаю ад гэтай палітычнай сытуацыі нічога асаблівага. Бо ўпэўнены, што Юшчанка ўрэшце не наважыцца на рэальны роспуск парлямэнту. Перакананы, што ўрэшце ніякіх перавыбараў у Раду ня будзе, бо Юшчанка на пасадзе прэзыдэнта зарэкамэндаваў сябе як чалавек, ня здатны на рашучыя крокі. Пад прэсінгам большасьці Рады, Юшчанка можа яшчэ дзесяць раз перайграць свае ўчорашняе рашэньне, бо яго вельмі лёгка ў нечым пераканаць. Глябальных зьменаў ва ўкраінскай палітыцы не чакаецца. Кіеў выглядае вельмі спакойным».

* * *

Юшчанку падтрымалі ўсе губэрнатары

Указ прэзыдэнта Украіны Віктара Юшчанкі пра датэрміновае прыпыненьне паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады Украіны падтрымалі кіраўнікі 24 абласных дзяржадміністрацый.

У заяве гаворыцца: «Прэзыдэнт Украіны ў сваім звароце дакладна і празорліва патлумачыў матывацыю рашэньня пра датэрміновае прыпыненьне паўнамоцтваў Вярхоўнай Рады Украіны. Рашэньне няпростае, але адзіна правільнае для ўкраінскага народу».

Кіраўнікі адміністрацый зазначаюць, што ўказы Юшчанкі былі і будуць абавязковымі для выкананьня на ўсёй тэрыторыі Украіны, у тым ліку і гэты ўказ.

Украіна складаецца з 24 абласьцей, а таксама Рэспублікі Крым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?