02.08.2012 / 11:43

У Гродне працягваецца руйнаванне Новага Свету — фота

У знесеным будынку можна было б размясціць музей стваральніка заапарка Яна Каханоўскага.

Фота аўтара.

На здымку 30-х гг. дамы №50, 52 і 54 на цяперашняй вуліцы 17-га Верасня.

Стары прыватны дом на вул.17 Верасня, 52, пабудаваны на пачатку 1930-х гадоў, фактычна зруйнаваны, піша «Твой стыль».

Спакваля ўлады ўсё ж такі рэалізуюць свой план «чысткі» легендарнага кварталу ў старой Гародні.

Шэраг прыватных дамоў па вул. 17 Верасня (раней — «Крэсовай»), як мяркуюць гісторыкі, паўстаў на пачатку 1930-х гг. Частка з іх, які і знесены будынак, носяць выразныя рысы канструктывізму.

Высветліць дакладна, хто быў першапачатковым уладальнікам знесенага дома, не атрымалася, аднак дакладна вядома, што праз пару дамоў ад яго, на месцы сучаснай 2-й школы, стаяў падобны асабняк Яна Каханоўскага — закладальніка Гарадзенскага заапарку.

У тыя часы раён знаходзіўся фактычна на ўскрайку гораду, мяжуючы з уладаннямі Друцкіх-Любецкіх ды былой загараднай каралеўскай рэзідэнцыяй — Станіславова.

Тэхніка каля двухпавярховага драўлянага будынку па вул. 17-га Верасня, 52 з'явілася яшчэ на мінулым тыдні, што і вызначыла ягоны лёс.

Шкада аднак, што знайшоўшы грошы на адбудову заапарку, не знайшлося магчымасцяў, напрыклад, на стварэнне дома-музея Яна Каханоўскага, няхай і не дакладна ў ягоным, але ж вельмі блізкім ва ўсіх сэнсах будынку.

Не будзем забывацца, да прыкладу, што дом, дзе жыла сям'я Багдановічаў, не захаваўся, а літаратурны музей знаходзіцца ў іншым будынку той эпохі.

Некалькі пакойчыкаў музея Багдановіча добра адлюстроўваюць быт дарэвалюцыйнай Гародні. Дык чаму б не паўстаць у адным з прыватных дамоў Новага Свету аналагічнаму музею з атмасферай міжваеннага горада (узяўшы імя таго ж Яна Каханоўскага)?

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру