Па просьбе БелаПАН беларускія палітыкі пракаментавалі рашэнне прэзідэнта Украіны Віктара Юшчанкі распусціць Вярхоўную раду.

«Гэта заканамернае рашэнне ў сітуацыі перманентнага крызісу, — лічыць старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка. — Ад прэзідэнта такі крок запатрабаваў пэўнай мужнасці, улічваючы яго паводзіны на працягу апошняга года, калі праводзіліся бясконцыя круглыя сталы. Некаторыя вузлы, калі яны не развязваюцца, даводзіцца разрубаць». В.Вячорка выказаў надзею на аб’яднанне ўкраінскіх дэмакратычных сіл, «амбіцыі і супрацьборства якіх негатыўна паўплывала на іх сумарны рэйтынг». На думку палітыка, калі ўплыў дэмакратычнага лагера ва Украіне будзе адноўлены, Кіеў будзе больш жорстка ацэньваць сітуацыю ў Беларусі.

Намеснік старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах і сувязях з СНД Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Анатоль Красуцкі выказаў шкадаванне ў сувязі з рашэннем В.Юшчанкі. «Палітычны накал у краіне не спадае, нягледзячы на пройдзены этап пасля прэзідэнцкіх і парламенцкіх выбараў. Усе гэтыя дзеянні не ў інтарэсах Украіны. Галоўнае, каб усім хапіла мудрасці не весці народ на барыкады і вырашаць усе пытанні цывілізаваным шляхам», — сказаў А.Красуцкі. Паводле яго слоў, цяперашняя сітуацыя ва Украіне ставіць пад сумненне правядзенне ў найбліжэйшы час сустрэчы Віктара Юшчанкі і Аляксандра Лукашэнкі, якая ўжо неаднойчы пераносілася. У той жа час, лічыць дэпутат, па эканамічных адносінах дзвюх краін палітычны крызіс у Кіеве «моцна не ўдарыць».

На думку лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, сітуацыю ва Украіне скарыстае беларуская прапагандысцкая машына. «Працягнецца эксплуатацыя тэзіса: не варта праводзіць «каляровыя» рэвалюцыі нават з удзелам мільёнаў людзей, таму што яны не прыводзяць да пазітыўнага выніку», — лічыць А.Лябедзька. Палітык заклікаў да асцярожнасці ў ацэнцы падзей у Кіеве, бо «трэба ведаць не толькі што гавораць па тэлевізары, але і што гавораць і робяць у кулуарах».

Пра рашэнне датэрмінова спыніць паўнамоцтвы Вярхоўнай рады В.Юшчанка аб’явіў увечары 2 красавіка. Датэрміновыя выбары прызначаны на 27 мая. Парламенцкая большасць, якая падтрымлівае прэм’ер‑міністра Віктара Януковіча, лічыць незаконным рашэнне прэзідэнта. У кааліцыю ўваходзяць Партыя рэгіёнаў В.Януковіча, Сацыялістычная партыя Украіны Аляксандра Мароза і Камуністычная партыя Украіны Пятра Сіманенкі. У канцы сакавіка аб рашэнні ўвайсці ў кааліцыю аб’явілі некаторыя дэпутаты апазіцыі з Блоку Юліі Цімашэнкі і прапрэзідэнцкай «Нашай Украіны» Вячаслава Кірыленкі. Кааліцыя мае простую большасць, але не мае канстытуцыйнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?