Нас пазнаёміла «Беларуская Энцыклапедыя». Не, разам мы не працавалі. Віталь Уладзіміравіч Скалабан прыйшоў працаваць у выдавецтва, калі я яшчэ не нарадзілася, і сышоў раней чым я прыйшла ў рэдакцыю літаратуры і мастацтва. Але ён часта завітваў, і ягоная знакамітая ўсмешка, і ягоныя «энцыклапедычныя» веды, і ягоная добрая гарэзлівасць, дзякуй Богу, не абмінулі мяне.

Вядомы гісторык і архівіст, які выцягнуў «з таго свету» не адзін дакумент, у душы быў Паэтам. Паэзія нас і аб'яднала.
А яшчэ каханне. Віталь Уладзіміравіч палюбіў вершы Валерыя Ліпневіча ў той час, калі сам аўтар быў маім дзіцячым каханнем. Пасля я вырасла, сустрэлася са Скалабанам, і мы любілі гэтыя вершы разам. Можна сказаць, што Віталь Уладзіміравіч агучваў на памяць мае першыя пачуцці.

Аднойчы ўвесну ён прынёс мне адбітыя на друкарцы «Восеньскія песні» і напісаў ад рукі падзагаловак: «Недапісаная паэма». У адным з вершаў былі такія радкі:

Пазвані мне і спытай
Што-небудзь.
Спытай, якога колеру неба,
Спытай, ці распусцілася лісце
на дрэвах.

Я патэлефанавала і спытала: «Якога колеру неба?» Цяпер нас лучыла неба. Толькі надалей тэлефанаваў і пытаўся: «Якога колеру неба?» — сам Віталь Уладзіміравіч. Наша размова праз тэлефон шмат гадоў пачыналася з гэтага пытання. Асабліва ён любіў яго задаваць, калі быў у дарозе: у Рыгу ці Маскву, з Ляхавіч ці з Пецярбурга.

Яшчэ ў 2005 годзе ён напісаў мне:

Прыйшла
Радоўка
Плакаць
Да
Мяне
У адзіноце без цябе.

Ды радоўка прыйшла да мяне. Тое, што Віталь Скалабан знайшоў, апублікаваў, напісаў, застаецца. Адно ніхто ў мяне ніколі не спытае: «Якога колеру неба?» Але я працягваю адказваць на пытанне з «Недапісанай паэмы».

Віталь Скалабан

Восеньскія песні
(Недапісаная паэма)

***
Усю восень я ўспамінаю вясну.
Сёння раніцою выпаў першы снег.
Наступае зіма.

***
Ідзеш ты раніцою. Лугам. У салатнай доўгай сукні.
На шыі — крыжык залаты.
Далей ад ляманту і тлуму
Нясеш сваю надзею ў далячынь.
Сонейка маё, то пойдзем разам!
Адной дарогай
Нам будзе весялей ісці.
Тваю надзею і маю трывогу
За дзень мы перакажам у лісты.
Лісты адправім на Зямлю з туманам —
Хай людзі пачытаюць іх
За кавай, каньяком ці ліманадам
І ўспомняць пра твой крыжык залаты.

Раніцою на лузе,
З рамонкаў і траў,
З расы і туману
Выплываеш, як абраз,
Ты, мая мілая.

Суніцы

І
Лісліўцы, упадзіце ніц,
Ляжыце ў здранцвенні!
Сваёй каханай я набраў суніц,
Лавіце дзіўныя імгненні!

ІІ
Цябе не было цэлае лета,
І як я цяпер ні сілюся,
Акрамя будзённага летняга тлуму —
Нічога не магу ўспомніць.

Вясною мы разам куплялі білет,
А потым нешта адбылося, што —
не ведаю,
І ты не дазволіла праводзіць цябе ў дарогу,
Сказала, што на ўсё мінулае
Нам абодвум трэба забыцца.

Мы помнім усё, да драбніцы,
Я лета не помню. Не, успомніў!
Ехаў у аўтобусе
І мне здалося, што ты са мною.
Аўтобус спыніўся ў лесе,
Я назбіраў суніц
І доўга не мог зразумець, дзе ты
падзелася.

ІІІ
Людзі сходзяцца і разыходзяцца.
Мы з табою, апантаныя, адзін да аднаго
кінуліся,
А як разлучыцца — не ведаем.
Надумаўся збегчы ад цябе самалётам,
Зашпіліў прывязныя рамяні і, суцішаны,
заснуў.
Пачало сніцца, што ўмольваю лётчыка
над тым лесам
Праляцець нізка-нізка,
Каб льга было разглядзець суніцы.

***
Пазвані мне і спытай,
Што-небудзь.
Спытай, якога колеру неба,
Спытай, ці распусцілася лісце на дрэвах.
Пазвані мне і спытай,
Што-небудзь.
Пазвані мне і папрасі,
Што-небудзь.
Папрасі напісаць табе песню,
Папрасі...
Пазвані мне і папрасі,
Што-небудзь.
Ты пазваніла.
Нічога не спытала.
Папрасіла.
Папрасіла купіць табе білеты.
У кіно.
Два.

***
Як я шкадую,
Што каля твайго дома
Няма маленькай, на тры столікі, кавярні.
Я прыходзіў бы туды кожны вечар,
Быццам бы да цябе ў госці.
Піў каву, курыў і пісаў бы вершы.

Чацвер
Мо чулі? Знік чацвер.
Цяпер за серадою мкнецца пятніца.
А людзі кажуць мне — не вер.
Крычаць: «Такое не здараецца!»

Наіўныя, хвалююцца яны,
Архіўнымі паперкамі размахваюць,
Калейкаю нясуць календары
І мне глядзець у іх загадваюць.

Адкуль ім ведаць, што ў чацвер,
Цябе паслухаўшы, я ўздумаў
Пахаваць каханне.
Магілу вырыў, дамавіну недзе спёр,
Намер свой жудасны адклаў я
да змяркання.
Як раптам чую, мой чацвер,
Мой друг гаротны
Крычыць: «Спыніся! Хавай мяне.
Яно — жывое. А я — мёртвы».

Мо чулі? Знік чацвер.
Цяпер за серадою мкнецца пятніца.
А людзі кажуць мне — не вер.
Крычаць: «Такое не здараецца!»

***
Кожны вечар кажу табе «Дабранач»
І, у чаканні твайго з'яўлення, засынаю.
Раніцою кажу табе «Добрай раніцы»,
А потым увесь дзень чакаю незвычайнага
вечара,
Каб сказаць табе «Дабранач».

***
Іду каля «Лакамкі»
І думаю, што трэба купіць цукерак.
...Прынясу цукеркі, якія табе вельмі
падабаюцца.
Ты ўсміхнешся, скажаш дзякуй і зноў
замаркоцішся.
Я пастаю, пагляджу на цябе і пайду.
Пачую нечыя крокі і заспяваю песню.

***
Калі мне надакучыла жыць у мінулым,
Гаварыць з табою і нічога не чуць у адказ,
Калі не змог уявіць словы твае,
Такія знаёмыя і такія чаканыя,
Але заўсёды розныя,
Я пазваніў табе.
Мусіць, ты падумала, што я ўжо
зусім звар'яцеў,
Бо папрасіў заспяваць нашу песню
пра туманы.

*
Калядная тэлеграма:
У старым і новым годзе, ўначы і ўдзень,
узімку і ўлетку, заўжды і паўсюль —
на паўночным узбярэжжы Чорнага мора
і на паўднёвым узбярэжжы Белага мора,
у Маскве і Ленінградзе, Шуміліне і Берасці
я стаю на каленях і цалую твае пяшчотныя рукі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?