1. Валоданне беларускай мовай

Вядома, што ўсім ён запомніўся найперш сваёй бездакорнай мовай. «Для мяне вывучыць беларускую мову было натуральнай патрэбай, ва ўсіх краінах, дзе працаваў, вывучаў мовы», — казаў сп. Эрыксан. Здаецца, натуральная рэч, але не ў Беларусі. Таму і прыходзілася Стэфану выслухоўваць кампліменты ў свой бок.

Эрыксан не толькі размаўляў паўсюль публічна па-беларуску, але і перакладаў з нашай мовы на шведскую творы Васіля Быкава, Уладзіміра Арлова. Пры ягонай падтрымцы выйшлі класічныя кнігі шведскай літаратуры на нашай мове.

Некалькі разоў Эрыксана запрашалі на дзяржаўнае тэлебачанне, дзе вядучыя гаварылі па-расейску, а Эрыксан — па-беларуску. Напэўна, праз Эрыксана шмат хто з нашых суайчыннікаў задумаўся: калі швед можа, то чаму мы — не?

2. Упершыню трапіў у Мінск у 1984

«Я быў тады на стажыроўцы ў Маскве і вырашыў наведаць Мінск. Беларусь была абсалютна закрытай савецкай рэспублікай», — адзначаў Эрыксан.

Увогуле шведскі дыпламат — заўзяты падарожнік. Ён аб’ездзіў амаль усю краіну. «Быў некалькі разоў у Горадні, Віцебску, Пінску, Полацку. Нечакана Бабруйск аказаўся вельмі цікавым. Канечне, Наваградак, Мір, Нясвіж, Белавеская пушча».

«Малады фронт» нават прэмію ўручыў паслу «Люблю Беларусь». Стэфан пры ўручэнні іранічна адзначыў: «Я падазраваў, што люблю Беларусь. Цяпер ведаю гэта дакладна».

3. Хадзіў на суды і мітынгі

У першыя хвіліны пасля разгрому штаба кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Някляева туды накіраваўся пасол Эрыксан. «Як я зразумеў, адбывалася мірнае шэсце, удзельнікі якога былі жорстка збіты спецназам. Гэта вельмі засмучае», — сказаў ён тады.

Эрыксан сам хадзіў на многія суды над прадстаўнікамі апазіцыі, каб на свае вочы пабачыць, ці справядлівыя яны. Некаторыя іншыя дыппрадстаўніцтвы абмяжоўваліся дарадцамі пасла. Эрыксан назіраў на свае вочы за большасцю вулічных акцый.

Пытанне правоў чалавека заўсёды стаяла для Швецыі адным з галоўным. Разам з тым гэтая скандынаўская краіна імкнулася, каб Беларусь не трапляла ў большую залежнасць ад Расіі. Праз гэта і ўзнікла праграма «Усходняе партнёрства», адным з лакаматывам якой была Швецыя.

4. Спрабаваў прывесці шведскі бізнес у Беларусь

З гэтай мэтай у 2008 нават быў арганізаваны ў Стакгольме эканамічны семінар. «На сустрэчы прыйшло бізнэсменаў больш, чым я чакаў», — адзначыў тады дыпламат.

Шведскі капітал прысутнічае ў Беларусі, але зусім не ў тых аб’ёмах, якіх бы хацелася. Часта шведаў палохае палітычная сітуацыя ў краіне.

5. Хваліў беларускае піва і гарэлку

Стэфан Эрыксан казаў, што Стакгольм наведваў прыкладна раз на два месяцы. Сваю кватэру ў Швецыі ён здаваў, а мэблю перавёз у Беларусь. Разам з ім у Мінску была і сям’я.

«Шведу някепска жывецца ў Беларусі. Ежа не так ужо і адрозніваецца. Беларуская гарэлка і піва не горшыя за еўрапейскія. І клімат падобны. Ёсць падабенства між святамі. У нас існуе свята ў сярэдзіне лета, у вас — Купалле. У вас у лістападзе Дзяды, у нас дзень усіх святых. Беларусь для мяне не экзатычная краіна, а еўрапейская».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?