2 красавіка суд Ленінскага раёну разгледзіў справу апошняга з затрыманых напярэдадні 25 сакавіка, моладзевага актывіста Яўгена Суворава, які двое сутак правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Год таму, падчас сакавіцкіх падзеяў у Менску, Я. Суворава адправілі ў Магілёўскі сьледчы ізалятар, дзе правёў больш за месяц па надуманым абвінавачваньні ва ўхіленьні ад службы ў войску. На той момант спэцслужбы лічылі, што хлопец зьяўляецца каардынатарам руху ЗУБР дый рыхтуе людзей да паездкі ў Менск. Інфармацыя пра грамадзкую актыўнасьць моладзевага лідэра агучаная і гэтым разам. Я. Сувораў не хаваў палітычнай матывацыі справы.

Тым не менш, хлопца абвінавацілі ў парушэньні артыкула 17.1 Адміністрацыйнага кодэксу — дробнае хуліганства. Міліцыянты сьцвярджалі, што Сувораў у нецьвярозым стане «крычаў, размахваў рукамі і мацерна лаяўся».

Цікава, што ў судзе не пацьвердзілася і палова з таго, што было ў рапартах. Так, даказана, што Сувораў быў цьвярозы, а што ён выкрыкваў, ніводны са сьведкаў ня мог патлумачыць. Таму прысуд выклікаў цэлую хвалю сьмеху ў судовай залі: пасьля 40‑хвіліннага перапынку судзьдзя Тацяна Рубіс абвесьціла пра 7 сутак арышту.

Суд стаўся дакладнай копіяй таго, што прысутныя пабачылі літаральна трыма гадзінамі раней. Дакладна такі ж самі прысуд пры такіх жа самых абставінах атрымаў яшчэ адзін моладзевы актывіст Антон Усьцімчук. Магілёўскія праваабаронцы зноўку загаварылі пра «палітычны канвэер».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?