Дэлегаты з’езда Партыі БНФ, што праходзіць 4 жніўня ў Мінску, прынялі заяву з патрабаваннем неадкладна і безумоўна вызваліць праваабаронцу Алеся Бяляцкага і ўсіх іншых палітычных зняволеных.

«Мы патрабуем ад уладаў Беларусі спыніць націск і пераслед грамадскіх і палітычных актывістаў і праваабаронцаў, а таксама прывесці заканадаўства краіны ў адпаведнасць з міжнароднымі стандартамі ў сферы абароны правоў чалавека», — гаворыцца ў заяве.

Асуджэнне Алеся Бяляцкага Партыя БНФ называе «незаконным, звязаным з яго праваабарончай дзейнасцю». «Арышт Бяляцкага стаў вынікам шматгадовай мэтанакіраванай палітыкі беларускіх уладаў адносна праваабарончых і грамадскіх арганізацый, палітычных партый», — упэўнены дэлегаты з’езда.

У заяве падкрэсліваецца: вызваленне палітзняволеных «з’яўляецца неабходнай умовай для пачатку нацыянальнага дыялогу, устанаўлення ў краіне грамадскага міру, правядзення свабодных і справядлівых выбараў». Наяўнасць жа палітзняволеных «наносіць урон міжнароднаму статусу краіны, вядзе да яе ізаляцыі».

Партыя БНФ таксама выказвае «падтрымку і ўдзячнасць усім беларускім праваабаронцам, якія ў надзвычай цяжкіх умовах працягваюць сумленна і прафесійна абараняць правы чалавека, адстойваць прынцыпы свабоды і дэмакратыі».

Алесь Бяляцкі быў арыштаваны роўна год таму і асуджаны на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. З ініцыятывы расійскіх праваабаронцаў дзень арышту Бяляцкага, 4 жніўня, абвешчаны Міжнародным днём салідарнасці з грамадзянскай супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?