Той самы аквазорбінг

Той самы аквазорбінг

Катанне на сегвэі можа быць вельмі рамантычным.

Катанне на сегвэі можа быць вельмі рамантычным.

Экстрэмальныя гонкі.

Экстрэмальныя гонкі.

Заходняя індустрыя адпачынку прыносіць беларусам усё новыя і новыя атракцыёны. «Наша Ніва» дае парады, як цікава правесці выходныя — выйсці сухім з вады, аб’ехаць усе славутыя месцы горада за паўгадзіны і паспаборнічаць на смешных машынах.

Аквазорбінг

Яшчэ ў канцы мінулага стагоддзя ў Францыі і Новай Зеландыі мясцовыя экстрэмалы вынайшлі сабе новую забаўку — зорбінг. Яны скатваліся з горак у вялікіх празрыстых і мяккіх шарах. Падчас такога спуску атрымаць траўму было амаль немагчыма. З цягам часу тэхналогія ўдасканальвалася і выкарыстоўвалася ўсё шырэй — спуск са снежных схілаў, падарожжа ўнутры аэратрубы…

Найбольш простым, а таму і папулярным, аказаўся менавіта аквазорбінг — бег у шарах па вадзе. На паверхні возера трымаецца вялікі шар, унутры якога знаходзіцца яшчэ адзін шар, але меншы. Між імі — паветра, якое не дае канструкцыі патануць. Унутр запускаюць аднаго ці двух чалавек, якія спрабуюць утрымацца на паверхні і не зваліцца на радасць разявакам.

Некалькі такіх шароў у сонечнае надвор’е зна-ходзіцца на пляжы № 3 Мінскага мора (Заслаўскага вадасховішча). Кошт пракату складае 30–40 тысяч рублёў за пяць хвілін. Ёсць такая забава і ў парку імя Горкага.

Сегвэй

Прыладай, якая мае нешта ад скутара, а нешта ад самаката, часцяком карыстаюцца на фабрыках, складах ці ў гіпермаркетах. За кошт убудаванага акумулятара апарат рухаецца з хуткасцю каля 10–20 км/г і пераўтварае мінака ў кіроўцу, якому не трэба прыкладаць лішніх намаганняў, каб перасоўвацца па памяшканні.

Кіраваць сегвэем нескладана. Апарат набірае хуткасць, калі яздок нахіляецца ўперад. Для таго, каб затармазіць, адпаведна, трэба адхіліцца назад. Спецыяльнай ручкай можна паварочваць налева і направа.

Падарожжы на сегвэях папулярныя ў заходніх гарадах. Турысты могуць хутка агледзець вартыя ўвагі мясціны, не карыстаючыся для пераезду грамадскім транспартам. Манеўранасць дазваляе лёгка аб’язджаць мінакоў, а пры патрэбе сегвэй можна ўзяць з сабой і ў метро ці ў аўтобус.

Кожны такі апарат каштуе $4–5 тысяч. У Мінску пракатам сегвэяў займаюцца каля Палаца спорта. Кошт складае ад 20 тысяч рублёў за 5 хвілін да 180 тысяч за гадзіну катання.

Экстрэмальныя гонкі

На постсавецкай прасторы пад квадрацыкламі разумеюць чатырохколавыя адкрытыя ўсюдыходы для аматараў экстрэмальнага адпачынку. Пясок, поле, гразь — для такіх машын падыходзіць ледзь не любая паверхня.

20-кіламетровы тур на квадрацыклах за межы Мінска ад кампаніі «АТВ-пракат» каштуе $40. Гэтая адлегласць праязджаецца за паўтары гадзіны. Тур пачынаецца з вуліцы Скарыны за Нацыянальнай бібліятэкай. Мінімальны ўзрост падарожніка — 16 гадоў.

Яшчэ адзін від аўтамабіляў -багі — можна арандаваць у аднайменным цэнтры, які працуе ў раёне стадыёна «Зара» паміж сталічнымі мікрараёнамі Уручча і Зялёны Луг. Ён прапануе заезды на смешных аўтамабілях-уседарожніках па пясчанай трасе, прычым пасведчання кіроўцы для гэтай забаўкі не трэба. Кошт двух пяціхвілінных заездаў складае 180 тысяч рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?