Кіраўнік краіны паехаў у рэгіёны, каб папярэдзіць пра спыненьне дзяржаўных датацый.

3 красавіка пачалася рабочая паездка Аляксандра Лукашэнкі па рэгіёнах краіны. Кіраўнік дзяржавы на працягу двух дзён мае намер азнаёміцца з ходам веснавых палявых работ, паведамілі БЕЛТА у прэс-службе прэзідэнта.

Як неаднаразова падкрэсліваў беларускі лідэр, з гэтага года стыль кіраўніцтва краінай будзе прынцыпова іншы: ніхто не будзе «падганяць» або «ўгаворваць» чыноўнікаў працаваць. Патрабаванне будзе за канкрэтны вынік, у выпадку невыканання даручэнняў і даведзеных задач будуць прымацца адпаведныя кадравыя рашэнні.

Кіраўнік дзяржавы ў гэты дзень з борта верталёта азнаёміўся са станам спраў на Міншчыне і пасяўной кампаніі ў рэгіёне. Аляксандр Лукашэнка наведаў Капыльскі раён, пабываў у ЗАТ «Капыльскае», аграгарадку Цімкавічы.

Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да кіраўніцтва вобласці і раёна, асабліва падкрэсліў, што з гэтага года вырашальнае значэнне для ацэнкі работы сельгаспрадпрыемстваў будуць мець зусім не валавыя паказчыкі. «Сёння проста збожжа, мяса, птушка не патрэбны, важна — прадаць атрыманую прадукцыю, і гэта прадукцыя павінна быць прыбытковая без датацый дзяржавы. Прыбытак ёсць — значыць, прадпрыемства працуе нармальна. Нявыгадна сеяць адну культуру — сейце тое, што будзе прыносіць рэнтабельнасць і прыбытак, — падкрэсліў прэзідэнт. — На дзяржаўныя датацыі нават не разлічвайце. Мяса, малако, іншая сельскагаспадарчая прадукцыя павінна быць прыбытковая без дзярждатацый. Таму сёння ў АПК павінна быць усё дакладна да капейкі пралічана».

«Кожны кавалак зямлі павінен быць акуратна апрацаваны. Парадак на зямлі ў кожнай вобласці, раёне павінен быць ідэальны. У адваротным выпадку вінаватыя будуць прыцягвацца да адказнасці», — дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы станоўча ацаніў падыходы, выкарыстаныя пры стварэнні аграгарадка ў Цімкавічах.

«Ідэя ў тым, каб ва ўжо існуючай вёсцы стварыць новы сучасны цэнтр як працяг таго, што ўжо ёсць у населеным пункце. Дзяржава тут стварае «ядро», а ўсё добраўпарадкаваць павінны мясцовая гаспадарка і жыхары», — падкрэсліў прэзідэнт.

Прэзідэнт падкрэсліў, што ўтрыманне аграгарадкоў, новых дамоў і вуліц павінна ажыццяўляцца не за кошт бюджэтных сродкаў — гэтыя грошы павінны быць зароблены мясцовымі прадпрыемствамі. Таму вытворчая сфера аграгарадкоў павінна развівацца не меншымі тэмпамі, чым сацыяльная. Акрамя таго, у выніку развіцця сацсферы важна не парушыць уклад вясковага жыцця.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, вытворчыя аб’екты ў вёсцы павінны мінімальна выкарыстоўваць вуглевадародную сыравіну, аддаючы перавагу мясцовым відам паліва.

4 красавіка кіраўнік дзяржавы прадоўжыць рабочую паездку па рэгіёнах. Як чакаецца, прэзідэнт наведае Брэсцкую вобласць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?