Па вялікім рахунку пытанне стаяла так: Валеры Адамс ці Надзея Астапчук? Новазеландка і беларуска настолькі мацней за астатніх суперніц, што ім заставалася толькі змагацца за бронзу.

Варта адзначыць, што Адамс (у шлюбе Велі) усё ж больш тытулаваная спартсменка. Прадстаўніца Новай Зеландыі перамагала на Алімпіядзе ў Пекіне, а яшчэ тройчы была чэмпіёнкай свету.
У Астапчук жа маецца бронза ўсё таго ж Пекіна, а таксама перамога на свеце-2005 у Хельсінкі.

У фінальных спаборніцтвах таксама выступала яшчэ адна беларуска Наталля Міхневіч, але найлепшым яе вынікам было 18,42. Як вынік, апошняе месца ў фінале — дванаццатае.

Надзея Астапчук пачала выдатна кідаць з другой спробы. Ядро прызямлілася на адлегласці 21,31 см. А ў наступнай палепшыла гэты вынік яшчэ на пяць сантыметраў.
У Адамс найлепшы вынік быў — 20,70 см. Канечне, у штурханні ядра ўсё можа змяніцца ў кожнай спробе. Але заставалася адчуванне, што Надзея свайго не ўпусціць.
У чацвёртай і пятай Астапчук зноў запусціла ядро на адлегласць больш за 21 метр. З такімі ўдарамі не змог бы справіцца ніхто. У Астапчук золата!
Срэбра ў Адамс, а бронзу ўзяла расіянка Яўгенія Калодка.
Надзея Астапчук нарадзілася ў 1980 г. у вёсцы Вялікія Арлы Столінскі раён. Навучаецца завочна на гістфаку БДУ. Кажа, што падабаецца гісторыя Старажытнага Егіпта. А асабліва — гісторыя Вялікага Княства Літоўскага.
Дарэчы, яна пазітыўна выказвалася і пра беларускую мову. «Канечне валодаю, я ж вучылася некалі ў беларускамоўнай школе. Але, на жаль, на людзей, якія выкарыстоўваюць мову, глядзяць коса. Ведаеце, іншым разам у кампаніі сяброў дамаўляемся размаўляць цягам усёй сустрэчы па-беларуску. Усе атрымліваюць каласальны зарад энергіі і пазітыву», — казала Надзея ў інтэрв’ю goals.by.

***

У беларусаў на Алімпійскіх гульнях цяпер на рахунку восем медалёў — тры залатыя, два срэбраныя, тры бронзавыя.

Золата: Надзея Астапчук (лёгкая атлетыка, ядро) Максім Мірны / Вікторыя Азаранка (тэніс, мікст), Сяргей Мартынаў (стральба);

срэбра: два медалі Аляксандры Герасімені (плаванне);

бронза: Марына Шкерманкова і Ірына Кулеша (цяжкая атлетыка), Вікторыя Азаранка (тэніс).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?