07.08.2012 / 22:37

Як Мальдзіс зрабіў начальства беларускамоўным 5

Болей за сто чалавек прыйшло павіншаваць навукоўца з 80-годдзем.

Гісторык і літаратуразнаўца Адам Мальдзіс адзначае юбілей — 7 жніўня яму споўнілася 80 гадоў. Абраны для ўрачыстасці мінскі Літаратурны музей з цяжкасцю змог прыняць усіх, хто вырашыў павіншаваць юбіляра: замест запланаваных 60 чалавек прыйшло болей за сотню.

Вечар было вырашана было правесці ў фармаце жыццяпісу — Адам Мальдзіс па чарзе запрашаў да мікрафона гасцей, а між прамовамі дзяліўся ўспамінамі.
На жаль, праблемы з гукам, якія рэгулярна ўзнікаюць у зале музея, не заўжды дазвалялі пачуць словы Мальдзіса.

Першымі выступалі землякі з Астравеччыны, малой радзімы юбіляра.

«Калі мы пазнаёміліся з Мальдзісам, яму было 19 год. — расказвае літаратуразнаўца Арсень Ліс. — Аднак ужо тады ён выглядаў на прафесара: увесь час з партфелем у руцэ.
Але мы не думалі, што ў яго будзе настолькі вялікая будучыня».

Універсітэцкія сябры Мальдзіса ўзгадваюць, напрыклад, пра тое, што на дзвярах філфакаўскай бібліятэкі, дзе рэгулярна з’яўляліся аб’явы кшталту «Згубіўся другі том Шэкспіра», аднойчы з’явілася паперка з надпісам «Знік шаснаццаты том Адама Мальдзіса, просім вярнуць». І нейкая студэнтка з другога курсу, вельмі ўражаная тым, што ў невядомага ёй Мальдзіса выйшла ўжо 16 тамоў, а яна нічога не чытала, прыйшла папрасіць хаця б першы. І вельмі здзівілася, калі ў картатэцы такога прозвішча не знайшлі.

Па чарзе на сцэну з віншаваннямі і падарункамі выходзілі сябры і калегі, прадстаўнікі СМІ і міністэрстваў. Мінкульт, напрыклад, падараваў Мальдзісу габелен з выявай Ефрасінні Полацкай). Паэт Анатоль Вярцінскі падзяліўся гісторыяй пра тое, як Мальдзіс «перавёў» на беларускую мову савецкае раённае начальства.

«Гэта было на Ракаўшчыне. Тады па вёсках ішло змаганне з самагонаварэннем. І з раёна ў адну з вёсак прыслалі Мальдзіса, які толькі-толькі скончыў універсітэт. Ён выйшаў да сялян і сказаў прыблізна наступнае.

«Я ведаю, што самагонныя апараты ў вас ёсць. Узгадайце, як нядаўна шмат хто не хацеў ісці ў калгасы. Вось вы пайшлі і, бачыце, жывяце нармальна. А тыя, хто адмовіўся — самі ведаеце, што з імі стала. Дык вось з самагонаварэннем будзем дзейнічаць гэтаксама».
Праз гадзіну ў вазку ляжала 27 апаратаў. То быў раённы рэкорд, бо участковыя маглі прывезці максімум два. На пытанне, як удалося назбіраць адразу столькі, Мальдзіс адказаў, што «трэба размаўляць з народам на ягонай мове». Пасля чаго кіраўніцтва раёна пачало карыстацца беларускай мовай».

Сам Мальдзіс таксама прыйшоў з падарункам для музея.

«Калі я абараняў дыплом на філфаку, у якасці тэмы абраў публіцыстыку Міцкевіча. — расказвае навуковец. — Дзіўная тэма, нават палякі не ведалі, што па ёй можна абараніцца. Дык вось

перад абаронай я зайшоў у краму, а гэта, дарэчы, было стагоддзе з дня смерці Міцкевіча, і там убачыў ягоныя бюсты. Тады на ўсялякі выпадак купіў, а зараз даведаўся, што ў Літаратурнага музея няма бюста Міцкевіча, што мы і выпраўляем».

«Наша Ніва» далучаецца да шматлікіх віншаванняў, і зычыць Адаму Мальдзісу здароўя, многая лета і далейшай плённай працы на карысць Бацькаўшчыны.

Юрась Ускоў

0
Актывіст / Адказаць
07.08.2012 / 23:36
Моцнага здароўя! Вы сапраўдны сын Беларусі!
0
andrejka / Адказаць
08.08.2012 / 01:32
шанаванне і павага!
0
А.В. / Адказаць
08.08.2012 / 09:10
Захаваць добрае пачуцьцё гумару ды ясны розум да 80 год - чаго яшчэ можна было б пажадаць кожнаму з нас і ў першую чаргу - надалей - юбіляру!
Паказаць усе каментары/ 5 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру