"Фольксваген" пасля здарэння.

"Фольксваген" пасля здарэння.

Спякота стала прычынай дарожна-транспартнага здарэння, якое адбылося ў 13:20 6 жніўня на вуліцы Замкавая ў Маладзечне. 18-гадовая кіроўца аўтамабіля «Фольксваген Джэта» не справілася з кіраваннем і ўрэзалася ў прыдарожнае дрэва.

Сведкі аварыі сцвярджаюць: насупраць дома № 86 машына раптам выехала на паласу сустрэчнага руху, перасякла яе, пераехала праз бардзюр і ўрэзалася ў дрэва.

За рулём «Фольксвагена» была 18-гадовая дзяўчына. На заднім сядзенні — яе маці, якая на руках трымала другую дачку. Дзяўчынцы ўсяго год.

Сёстры ў аварыі абышліся сінякамі і ранкамі. Маці не пацярпела.

Вадзіцельскі стаж кіроўцы — менш за месяц. Але, па словах інспектара Дзмітрыя Стасюлевіча, не гэта стала прычынай здарэння, а спякота. Сама дзяўчына расказвала:

«Не ведаю, што са мной здарылася. Помню — ехала, потым — удар. Апрытомнела, калі мяне з машыны даставалі прахожыя».

Па меркаванні Дзмітрыя Стасюлевіча, кіроўца, якая была прышпіленая рамянём бяспекі, магла альбо заснуць, альбо ёй стала дрэнна ад спёкі. Хутчэй за ўсё — апошняе. У такое надвор’е нават здаровыя людзі млеюць за рулём.

Інспектар раіць без асаблівай неабходнасці ў спякоту не сядаць за руль. Калі вы ўсё ж вырашылі ехаць, вазьміце з сабой прахаладжальныя напоі, карыстайцеся кандыцыянерам, калі ён ёсць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?