Пры канцы сакавіка ў харкаўскім выдавецтве «Фоліо» выйшаў новы раман Юр’я Андруховіча «Таямніца». На красавік заплянаваны вялікі прома‑тур па 10 гарадах Украіны ў падтрымку кнігі. Гэты «раман у інтэрвію», вытанчана і захапляльна пабудаваны на асабістых успамінах аўтара пра сучаснае і мінулае, прысьвечаны гадам ягонага дзяцінства і юнацтва, падарожжам па Эўропе, творчасьці і страчанаму часу, каханьню і сьмерці, вечнаму і хуткаплыннаму.

Насуперак назьве, у «Таямніцы» аўтар зрывае заслону з усіх таямніц, больш чым шчыра распавядае пра сваё жыцьцё, ад раньняга дзяцінства да сёньняшняга дня.

Тэкст напісаны ў выглядзе сэрый інтэрвію аўтара нейкаму часопісу, які неўзабаве гіне пры загадкавых абставінах. Аўтар выступае галоўным героем, іншыя пэрсанажы кнігі — рэальныя людзі. «Настаў якісь такі час, падышла жыцьцёвая хвіліна, калі паўстала неабходнасьць у чымсьці акурат такім…», — камэнтуе Андруховіч выбар жанру сваёй новай кнігі.

Андруховіч адкрыта апісвае баўленьне часу літаратурнай тусоўкі зь бясконцымі застольлямі, з алькаголем ды паленьнем травы, называючы гэта «праўдаю жыцьця».

Новы твор Андруховіча арыгінальны як формай, так і зьместам. Жанрава гэта штосьці сярэдняе між споведзьдзю й аналітычнымі мэмуарамі.

Адразу пасьля выхаду кнігі Юры Андруховіч адпраўляецца ў прома‑тур, які стартуе 4 красавіка ў Харкаве. «І трэба ж, такое супадзеньне, — прызнаўся Андруховіч, — у маім тэксьце згадваецца цягнік, якім я аднойчы ўначы вяртаюся, Ужгарад‑Харкаў, і наш тур пачынаецца ў Харкаве, а Ужгарад — апошні горад».

«Таямніца» ўжо перакладаецца на нямецкую, падпісаная таксама дамова на расейскамоўны пераклад.

Арт-вертеп

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0