9 жніўня Дзмітрый Кудранок працаваў апошні дзень на заводзе габляванай шпоны і мэблі, які ўваходзіць у холдынг «Пінскдрэў». У другой палове дня рабочы атрымаў працоўную кніжку, у якой напісана, што ён «звольнены за сыстэматычнае невыкананне без паважных прычын працоўных абавязкаў».
Дзмітрый Кудранок перакананы, што яго звольнілі за кіраванне пратэстам рабочых на «Пінскдрэве»:«Я ведаў, куды ішоў. Але я перакананы, што не прападу з маёй адукацыяй. Праўда, на жаль, у іншай краіне. У сваёй краіне я не патрэбны. Рабочы рух на «Пінскдрэве» я, канечне, не пакіну, дзе б я ні быў, я буду на сувязі з працоўнымі».
Дзмітрый Кудранок кажа, што пратэст рабочых працягнецца: «Гэты працэс ужо не спыніць. Прыбраўшы мяне з працы, яны не ўлагодзяць рабочых.
Мы ствараем сваю структуру, якая ў пэўны момант з'явіцца.Для кіраўніцтва «Пінскдрэва» гэта будзе нечаканасцю».
Пратэст на «Пінскдрэве» ўзнік пасьля таго, як 17 ліпеня рабочыя атрымалі раздрукоўкі з інфармацыяй пра заробкі, якія палічылі нізкімі. Працоўныя пачалі масава пісаць заявы пра выхад з прафсаюза. Рабочыя-актывісты збіраюць гэтыя заявы і цяпер.
На «Пінскдрэве» вырашылі не ісці па шляху працаўнікоў мікашэвіцкага «Граніта». Замест арганізацыі ў незалежны прафсаюз, працаўнікі стварылі сваю Рабочую раду, якую і ачоліў Дзмітрый Кудранок.