У Мінску больш за ўсё перапоўненыя дзіцячыя садкі Каменнай Горкі і Масюкоўшчыны
З верасня арганізуюць новыя маршруты для падвозу.
Улады Мінска прызнаюць востры недахоп дзіцячых садкоў у новых мікрараёнах. Складаней за ўсё справы ідуць у Каменнай Горцы, дзе садкі пераўкамплектаваныя на 165%. У Масюкоўшчыне — на 160%, у Кунцаўшчыне — на 155%. У Міхалове, Брылевічах і Усходніх (м-н Вялікі Лес) гэты паказчык знаходзіцца ў межах 135–140%. Такую інфармацыю апублікаваў сайт Мінгарвыканкама. Каб хоць трохі згладзіць праблемную сітуацыю, Мінгарвыканкам пайшоў на арганізацыю падвозу дзяцей на аўтобусах у суседнія раёны. З зімы гэтага года ў горадзе працуюць два спецыялізаваныя маршруты ў мікрараёнах Усходні і Каменная Горка.
Да пачатку навучальнага года плануецца адкрыццё яшчэ трох аналагічных маршрутаў: у мікрараёнах Брылевічы, Міхалова, Сокал і Каменная Горка, адзначаецца на сайце Мінгарвыканкама.
«У 2012 годзе будуць уведзеныя ў эксплуатацыю 2 дашкольныя ўстановы: у мікрараёнах Каменная Горка-2 (190 месцаў), Брылевічы-2 (230 месцаў), — адзначаецца ў справаздачы. — У цяперашні час вядзецца будаўніцтва дзіцячых садкоў у мікрараёне Каменная Горка-3 і 1, кожны на 230 месцаў, Каменная Горка-4 (190 месцаў), у мікрараёне Парк высокіх тэхналогій сёлета прадугледжаны пачатак будаўніцтва комплексу „Дзіцячы садок — пачатковая школа“ (120–160 месцаў). У інвестыцыйную праграму ўключанае будаўніцтва дзвюх новых установаў у мікрараёнах Каменная Горка-5 (230 месцаў) і Каменная Горка-3 (190 месцаў)».
realt.onliner.by
Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?
Пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ