Аляксандар Мілінкевіч, лідэр апазыцыі: «Ведаеце, я ўжо ў сераду адпусьціў людзей з офісу, каб яны падрыхтаваліся да сьвята. Сам зьбіраюся аб’ехаць багата вёсачак на Гарадзеншчыне, каб прыбраць магілы сваіх дзядоў і прадзедаў. Сам Вялікдзень сустрэну ў Берштах, разам з жонкай. На жаль, з Польшчы, з вучобы ня змогуць прыехаць дзеці. Добра, што ў гэтым годзе супалі і каталіцкі, і праваслаўны Вялікдзень. Я праваслаўны, мая жонка каталічка».

Сяргей Калякін, лідэр ПКБ: «Ніяк. Я чалавек няверуючы. Дакладней будзе сказаць, ня веруючы ў Бога, таму і Вялікдзень ніяк не сьвяткую».

Анатоль Лябедзька, старшыня АГП: «Лічу Вялікдзень сямейным сьвятам, на якое зьбіраюцца толькі самыя блізкія людзі. Гэтым разам, як звычайна, зь сям’ёй паеду да бацькоў на Стаўпеччыну. У мяне рэлігійная сям’я, Вялікдзень сьвяткавалі і за савецкім часам. Асабліва набожная была мая бабуля, якая, на жаль, ужо памерла, яна пражыла 97 гадоў. Паспрабую напярэдадні трапіць у царкву».

Юрась Беленькі, намесьнік старшыні КХП‑БНФ: «Для мяне і маёй сям’і Вялікдзень — гэта адно з найвялікшых сьвятаў. Звычайна ў гэты дзень я іду ў царкву, я належу да эвангелічнай царквы. Пасьля вяртаюся дадому, накрываем багаты стравамі стол, але без сьпіртнога, молімся. Вось так я звычайна адзначаю Вялікдзень, але баюся, што ў гэтым годзе якраз так не атрымаецца, бо я атрымаў запрашэньне ад пастара Эрнэста Сабілы, прыняць удзел у сьвяткаваньні ў Асіповічах. Хутчэй за ўсё, адгукнуся на гэтую прапанову».

Сяргей Касьцян, дэпутат палаты прадстаўнікоў, Кампартыя Беларусі: «Шмат гадоў традыцыйна адзначаю Вялікдзень. Праводжу гэтае сьвята дома, у коле сям’і. А дзясятай раніцы ў нас пачынаецца сьнеданьне, з усімі атрыбутамі сьвята. На стале звычайна стаіць сьвечка, молімся, жонка пячэ пірагі. Калі ёсьць час, то заўсёды хаджу ў царкву, калі‑нікалі нават на ўсяночную».

Сяргей Гайдукевіч, старшыня ЛДПБ: «Для мяне гэта вельмі вялікае і сур’ёзнае сьвята. Кожны год адзначаю аднолькава. Сьвяточны стол дома, пасьля паход па сябрах. Ня помню таго году, калі б я на Вялікдзень ня быў у царкве».

Сяргей Скрабец, былы дэпутат палаты прадстаўнікоў: «Увесь перадвелікодны тыдзень трымаю пост, так раблю ўжо ня першы год. На ўсяночную ў царкву не хаджу. А сам Вялікдзень праводжу дома разам зь сям’ёй».

Аляксандар Вайтовіч, былы сьпікер Савету Рэспублікі: «На Вялікдзень я традыцыйна еду ў сваю родную вёску Рачкевічы (Капыльшчына). У нас вёсцы на Вялікдзень усе ідуць на могілкі, прыбіраюць іх, папраўляюць. Пасьля крыху выпіваем, ядзім чырвонае яйка».

Уладзімер Нісьцюк, БСДП (Грамада): «Гэты дзень у маёй сям’і сьвяткавалі заўсёды. Сёлета з жонкай на Вялікдзень пойдзем у царкву. Мая жонка пасьцілася перад Вялікаднем, я таксама крыху спрабаваў. Хочацца далучыцца да нечага сьвятога і добрага, бо надта шмат награшыў у гэтым жыцьці. Для мяне Вялікдзень таксама ня толькі рэлігійнае сьвята, але і дзень вясны. Карацей, буду сьвяткаваць, як звычайны праваслаўны вернік».

Юрась Губарэвіч, Партыя БНФ: «Традыцыйна Вялікдзень адзначаем у коле сям’і. Ходзім на белаазёрскія могілкі, там пахаваныя мае дзядуля з бабуляй, а таксама бацька. Пасьля сьвяточны стол, зь яйкамі, булкамі і ўсім астатнім, як належыць. У царкву ня ходзім, бо неяк не склалася ў нашай сям’і такая традыцыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?