Да распаду СССР усе вайскоўцы былі на службе Узброеных сіл Савецкага саюза. Калі ж з былых рэспублік саюза пачалі ўтварацца самастойныя дзяржавы, вайскоўцам далі права выбіраць, на службе якой краіны яны застануцца.

Як правіла, на тэрыторыі якой дзяржавы вайсковец служыў у гэты час, на службе той і заставаўся.

Але многія вайскоўцы праз год-два пасля распаду СССР і яго ўзброеных сіл сыходзілі на пенсію, а паколькі асноўны тэрмін іх службы прыпадаў усё ж на СССР, пераемнікам абавязанняў якога стала Расія, ім было дадзена права выбіраць, чыю пенсію атрымліваць — расійскую або іншай дзяржавы, напрыклад, Беларусі. Вельмі многія выбіралі менавіта расійскую пенсію, бо яна была вышэйшай, чым у Беларусі ці іншых краінах былога СССР. Атрымліваючы статус расійскага вайсковага пенсіянера частка вайскоўцаў з’язджала жыць у Расію, а частка заставалася ў той дзяржаве, дзе скончылася іх служба.

Але знайшлося досыць шмат вайскоўцаў, якія вырашылі схітраваць і стаць пенсіянерамі адразу дзвюх дзяржаваў, атрымліваючы адначасова пенсію ад Міністэрстваў абароны Расіі і Беларусі.

Разлік быў на тое, што ў блытаніне пасля развалу СССР вайсковыя ведамствы наўрад ці змогуць разабрацца, хто і колькі пенсіянераў утрымлівае.
Так яно і было да апошняга часу. Аднак нядаўна вайсковыя ведамствы Расіі і Беларусі зверылі спісы пенсіянераў і выявілі вялікую колькасць ашуканцаў, што аформілі пенсію адразу ў дзвюх дзяржавах. Пасля гэтага пачалася карпатлівая аператыўная праца праваахоўных органаў, бо ў дзеяннях вайскоўцаў відавочна ўгледжваліся прыкметы махлярства. І вось з’явіліся першыя вынікі гэтай дзейнасці.

Так, кіраваннем Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці заведзеная крымінальная справа супраць грамадзяніна Расіі, жыхара в. Аляксандрава Чавускага раёна. Пенсіянер пераехаў на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусь і са студзеня 1998 падманам аформіў пенсію ў Міністэрстве абароны Беларусі, атрымліваючы пры гэтым пенсію ў Мінабароны Расіі. Былы вайсковец 14 гадоў атрымліваў пенсію ў дзвюх дзяржавах, незаконна паклаўшы ў кішэнь больш за 64 млн рублёў і прычыніўшы на гэтую суму шкоду Міністэрству абароны Беларусі.

Яшчэ адна крымінальная справа распачатая Следчым камітэтам у дачыненні да кіраўніка фермерскай гаспадаркі Брэсцкай вобласці. З жніўня 1993 г. ашуканскім шляхам аформіўшы вайсковыя пенсіі ў Мінабароны Беларусі і Мінабароны Расіі, пенсіянер за 19 гадоў здолеў незаконна пакласці ў сваю кішэнь больш 276 млн рублёў.

У дачыненні да абодвух пенсіянераў заведзеныя крымінальныя справы па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.4 арт.209 Крымінальнага кодэкса Беларусі (махлярства, здзейсненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры), санкцыя якой прадугледжвае пакаранне да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Цяпер працягваецца праца па выяўленні вайсковых пенсіянераў-ашуканцаў, якія атрымліваюць пенсію адразу ў дзвюх дзяржавах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?