Найбольш імаверным адказам краін Еўрасаюза будзе ад’езд усіх паслоў ЕС на кансультацыі. Пра гэта піша брусэльскае выданне Euobserver.com. Адпаведна, і беларускія паслы вымушаны будуць пакінуць еўрапейскія сталіцы.
На мінулым тыдні Беларусь фактычна выслала пасла Швецыі, а на гэтым — запатрабавала закрыцця шведскага пасольства ў Мінску. Мінск абвінаваціў шведскага пасла ў «разбурэнні двухбаковых адносін». Шведскі міністр замежных справаў заявіў, што такім чынам Беларусь зрэагавала на дзейнасць пасла, скіраваную на падтрымку правоў чалавека.
Швецыя — адна з суседак Беларусі і краін з уплывам у балтыйскім рэгіёне.
«Мяч на баку Швецыі, але ўсе хочуць выказаць салідарнасць з імі», — заявіў для Euobserver.com адзін з дыпламатаў.
Мяркуецца, што Еўрасаюз выступіць з адзіным пасланнем у гэтым пытанні. Прапановы, найхутчэй што, сфармулююць Германія і Польшча.
«Швецыя можа ганарыцца сваёй роллю ў абароне правоў чалавека ў Беларусі», — напісаў у Твітары міністр замежных справаў Брытаніі Уільям Хейг.
Учора Аляксандр Лукашэнка заявіў, што дзейнасць Эрыксана выклікала незадаволенасць яшчэ год таму і што шведскае пасольства падтрымлівала кантакт з арганізатарамі плюшавай медзведзіроўкі. Аднак ніякіх фактаў у падмацаванне такой тэорыі лукашэнкаўскія СМІ пакуль не прывялі.