11 жніўня ў мінскім парку імя Горкага грамадскае аб’яднанне абароны жывёл «Эгіда» правядзе акцыю па бясплатнай раздачы бяздомных сабак і кошак.
Як паведаміла старшыня «Эгіды» Наталля Бялянава, акцыя прымеркавана да Міжнароднага дня бяздомных жывёл, які адзначаецца 16 жніўня. Яе мэта не толькі дапамагчы сабакам і кошкам знайсці гаспадароў, але і прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы бяздомных жывёл.
Акцыя пачнецца ў 13.00 і пройдзе на малой сцэне, што не каля галоўнага ўваходу, а ў глыбіні парку.Ахвотным набыць сабе гадаванца будуць прапанаваныя 100 жывёл — 60 сабак і 40 кошак. Усе яны прышчэпленыя і стэрылізаваныя, з ветэрынарнымі даведкамі і пашпартамі.
Будучыя гаспадары, у сваю чаргу, павінны прынесці з сабой пашпарт, ашэйнік і павадок для сабакі або пераноску для ката.Яны змогуць атрымаць бясплатную кансультацыю ветэрынара.
Той, хто не плануе выбраць сабе сабаку або ката, можа проста дапамагчы бяздомным жывёлам — прынесці для іх корм, амуніцыю, лекі, пераноскі, напаўняльнікі для прыбіральні. Будзе арганізаваны збор сродкаў, прызначаных для аказання дапамогі жывёлам.
Для наведвальнікаў прадугледжана забаўляльная праграма: спаборніцтвы па аджыліці, фрыстайл, выступленне прадстаўнікоў хакейнай каманды «Дынама», якая падтрымлівае дзейнасць «Эгіды».
Як падкрэсліла Бялянава, арганізацыя пастаянна мае патрэбу ў самай рознай дапамозе. Ахвотныя ўнесці свой уклад у справу абароны жывёл могуць звязацца з супрацоўнікамі «Эгіды» па тэлефонах на сайце www.egida.by.
«Толькі ўсе разам мы можам вырашыць праблему бяздомных жывёл», — пераканана Бялянава.