Камітэт дзяржбяспекі гарантуе захаванне правоў падданых Швецыі, якія маюць дачыненне да парушэння паветранай дзяржмяжы Беларусі, у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам, паведамілі карэспандэнту БелТА ў КДБ Беларусі.

«Прапанова аб прыбыцці падданых Швецыі ў Беларусь застаецца ў сіле і выклікана неабходнасцю правядзення вочных ставак. Мы гарантуем захаванне іх правоў у адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам»,
— заявілі ў КДБ.

У КДБ нагадалі, што ў інтарэсах высвятлення ўсіх акалічнасцяў незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы Беларусі камітэтам былі накіраваныя просьбы аб аказанні прававой дапамогі ў расследаванні крымінальнай справы ў кампетэнтныя органы Літоўскай Рэспублікі і Каралеўства Швецыі. «Па выніках будзе ўнесена яснасць ва ўстанаўленне ролі кожнага з фігурантаў, якія ўдзельнічалі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы Беларусі, і іх памагатых, прынята канчатковае працэсуальнае рашэнне ў дачыненні да грамадзян Беларусі, якія праходзяць па крымінальнай справе», — адзначылі ў ведамстве.

КДБ нагадвае, што заведзена і расследуецца крымінальная справа па прыкметах злачынства, прадугледжанага ч.3 арт.371 КК Рэспублікі Беларусь па факце незаконнага перасячэння 4 ліпеня дзяржаўнай мяжы Беларусі падданымі Каралеўства Швецыі на лёгкаматорным самалёце.
Па падазрэнні ў дапамаганні ў здзяйсненні паказанага злачынства затрыманыя грамадзяне Беларусі 20-гадовы журналіст Антон Сурапін, які першым на сваім сайце апублікаваў фатаздымкі скінутых з самалёта плюшавых мядзведзяў і 26-гадовы рыэлтар Сяргей Башарымаў, які, як мяркуецца, здаваў кватэру шведам у Мінску. Сурапіну і Башарымаву прад’яўленае абвінавачванне па ч.6 арт.16 (дапамаганне ў здзяйсненні злачынства) і ч.3 арт. 371 (незаконнае перасячэнне Дзяржаўнай мяжы Беларусі) КК, што караецца зняволеннем да 7 гадоў.

Нагадаем, што аднаматорны самалёт са шведскім экіпажам з супрацоўнікаў кампаніі Studio Total з плюшавымі мішкамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцай 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны прыкладна паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ўскраінай Мінска больш чым 800 цацак з запіскамі ў падтрымку дэмакратыі ў Беларусі.

За фатаграфаванне з плюшавым мішкам 8 жніўня былі затрыманыя ў цэнтры журналісткі Юлія Дарашкевіч і Ірына Козлік, ноч яны правялі ў ізалятары на Акрэсціна, а на наступны дзень былі аштрафаваныя судом Савецкага раёна Мінска на 3 млн рублёў за незаконнае пікетаванне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0