У Гомелі 10 жніўня ў патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты Ігара Случака адбыўся канфлікт з жыльцом аднаго з дамоў, дзе прэтэндэнт збіраў подпісы ў сваю падтрымку.

«Мы з братам ішлі па пад’ездзе аднаго з дамоў па вуліцы Братоў Лізюковых. Я збіраў подпісы, а брат мяне суправаджаў. Раптам на лесвічную пляцоўку выбег адзін з жыльцоў дома і стаў правакаваць бойку. Калі я прыгразіў выклікам міліцыі і дастаў мабільны, хуліган ударыў мяне па руцэ, тэлефон упаў, і разбіўся экран», — паведаміў Случак.

Паводле яго слоў, нападнік быў вельмі злосны: «Ён крычаў, маўляў, што вы тут ходзіце, подпісы збіраеце, гэта ўсё лахатрон, вы людзей падманваеце!
З аднаго боку, я яго разумею: людзям цяжка зараз, а з другога боку, гэта нахабства — зрываць сваю злосць на зборшчыках подпісаў. Тым больш, калі я выклікаў міліцыю і да яго ў кватэру прыйшоў участковы, то гэты грамадзянін пабаяўся выйсці, і дзверы адчыніла яго жонка, якая сказала, што яе муж схаваўся, таму што баіцца міліцыі».
Случак напісаў заяву ў міліцыю з просьбай прыцягнуць хулігана да адказнасці і кампенсаваць кошт разбітага экрана тэлефона.

Паводле слоў актывіста, яго ініцыятыўная група ўжо сабрала тысячу подпісаў. «З подпісамі ўсё нармальна, павінны зарэгістраваць, калі, вядома, не будзе іншай устаноўкі — не рэгістраваць незалежных кандыдатаў», — сказаў Случак.

Ігар Случак мае намер балатавацца па Гомельскай-Савецкай акрузе як незалежны кандыдат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?