4 красавіка ў КЗ «Менск» адбылося ўзнагароджваньне найлепшых беларускіх кантэкт‑праектаў. Такі конкурс ужо пяты раз праводзіцца пад эгідай найбольшага беларускага інтэрнэт‑рэсурса TUT.BY.

На сёньня ў Беларусі зарэгістравана звыш 20 000 інтэрнэт‑старонак і іх колькасьць павялічваецца з кожным днём. Паводле падлікаў сацыёлягаў, Інтэрнэтам у Беларусі стала карыстаецца 25‑32% насельніцтва. 35% ‑‑ у горадзе і 15% ‑‑ у вёсцы. Найбольш інтэрнэтам карыстаюцца ў Менску, Менскай і Гарадзенскай абласьцях. Заснавальнік TUT.BY Юры Зісер адзначыў, што адной з мэтаў гэтага праекту зьяўляецца прывучваньне беларускіх карыстальнікаў інтэрнэту штодня заходзіць менавіта на беларускія, а не расейскія ці заходнія сайты.

4 красавіка падводзіліся вынікі конкурсу яшчэ з той прычыны, што ў гэты дзень адзначаецца дзень сьвятога Ісідора Сэвільскага, заступніка Інтэрнэту. У 1999 г. Папа Ян Павал ІІ санкцыянаваў 4 красавіка як Сусьветны дзень Інтэрнэту.

Узнагароды былі раздадзены ў дзесяці намінацыях. У намінацыі «Мая Беларусь» перамогу атрымаў афіцыйны сайт на ангельскай мове Belarus.by. У «культуры» першае месца ўзяў сайт пра беларускую электронную музыку «Электрасфера», другое месца — сайт «нашаніўскага» аўтара Сяргея Балахонава «Тэзэй беларускага постмадэрнізму».

У намінацыях «навука», «адпачынак», «спорт» перамаглі адпаведна сайты «Расьліны Беларусі», relax.by і інфармацыйны сайт пра беларускі баскетбол. Найлепшым у намінацыі «Грамадзтва, сям’я, рэлігія» вызначаны сайт «Царква». Першым сярод карпаратыўных кантэнтаў прызнаны сайт Гідрамэтцэнтра Беларусі pogoda.by.

А агульнае гран‑пры нечакана атрымаў сайт бабруйскай гімназіі №1, гэты ж сайт перамог у намінацыі «Адукацыя». Усе пераможцы конкурсу ў выглядзе ўзнагароды атрымалі тры гады бясплатнага хостынгу, а таксама мільён банэрных паказаў на сайце TUT.BY.

Малюнак з images.google.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?