Дзейнасць беларускага боку па дыверсіфікацыі паставак энергарэсурсаў не накіравана супраць Расіі. Гэты факт падкрэсліў сёння Аляксандр Лукашэнка. «Мы хацелі б супрацоўнічаць з Расіяй у плане паставак энергарэсурсаў і ў далейшым, таму што гэта самы выгадны вектар на сённяшні дзень. Ён выгадны і Беларусі, і Расіі. Але калі нас і ў далейшым будуць так «нахіляць», то мы будзем вымушаны мець розныя варыянты дзеянняў», — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, расіяне ўжо зразумелі, што Беларусь можа замясціць расійскую нафту пастаўкамі з іншых краін. «Але самае страшнае для расіян не тое, што мы ў іх 20 млн.т нафты не купім, а тое, што яны не перапрацуюць сваю нафту на беларускіх заводах. А яшчэ больш страшна — яны могуць страціць рынак у цэнтры Еўропы», — падкрэсліў прэзідэнт.

Паводле яго слоў, за рынак нафтапрадуктаў сёння ідзе сур’ёзная барацьба. «Мы ні ў якім выпадку не спрабуем «паказаць» і як рычаг выкарыстоўваць нашу дзейнасць па дыверсіфікацыі паставак энергарэсурсаў супраць Расіі. Не. Я шчыра кажу: нам пакуль выгадна з Расіяй працаваць і супрацоўнічаць у гэтым напрамку. Думаю, што расіяне не настолькі неразумныя, каб прымусіць нас прывозіць сюды чыю‑небудзь нафту і перапрацоўваць. Гэта ва ўрон Расіі, страта расіянамі сваіх рынкаў», — падкрэсліў прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што па просьбе Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў рэспубліка разглядае магчымасць будаўніцтва ў Беларусі яшчэ аднаго буйнога нафтаперапрацоўчага завода. «Мы падумаем аб гэтым. У нас на нафтавым рынку няма карупцыі. Дапусцім, заўтра мы прымем рашэнне аб будаўніцтве буйнога НПЗ на грошы арабаў, Ірана, тых, хто сёння мае рэсурсы. І яны зоймуць гэты рынак», — сказаў беларускі лідэр. Пры гэтым кіраўнік дзяржавы дадаў, што Беларусь «паводзіць сябе па‑чалавечы ў адносінах з Расіяй». «Напэўна, нам не давядзецца заходзіць так далёка ў спрэчках з Расіяй, каб паводзіць сябе такім чынам. Але варыянтаў сёння ў нас больш, чым было раней», — дадаў ён.‑

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?